Дзве вобласці Украіны былі абясточаныя пасля расійскай атакі
Вынікі атакі па Запарожжы / ДСНС Запарожжа
Увечары 7 студзеня расійскія войскі атакавалі энергетычную інфраструктуру Украіны. У выніку ўдару амаль цалкам былі абясточаныя Днепрапятроўская і Запарожская вобласці. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на Міністэрства энергетыкі Украіны.
Крытычную інфраструктуру падключылі да рэзервовага сілкавання.
Кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў заявіў, што водазабеспячэнне і бальніцы працуюць ад генератараў. За дзве гадзіны па вобласці разгарнулі працу 200 пунктаў нязломнасці — з цяплом, сувяззю і базавай дапамогай.
Зранку 8 студзеня Фёдараў удакладніў, што мабільная сувязь наладжаная. А трэцяй гадзіне ночы электрычнасць і цяпло пачалі вяртацца ў жыллё. Водазабеспячэнне аднавілі ад генератараў цягам паўтары гадзіны.
У Днепрапятроўскай вобласці ўвялі аварыйнае адключэнне святла. Старшыня Днепрапятроўскай абласной рады Мікалай Лукашук адзначыў, што наконт аднаўлення энергазабеспячэння ў вобласці няма ніякіх прагнозаў. Ён параіў зрабіць запас вады і папярэдзіў, што могуць узнікнуць праблемы з мабільнай сувяззю.
Зранку 8 студзеня Лукашук дадаў, што Крыварожскі, Паўлаградскі і Дняпроўскі раёны застаюцца без электрычнасці. У Сінельнікаўскім раёне ў выніку атакі адбыліся пажары. Нікапальскі раён зноў атакавалі дроны і артылерыя.
Усе цягнікі ў Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях перайшлі на рэзервовую цеплацягу. Вакзалы таксама сілкуюцца ад генератараў.