Расіяне атакавалі Львоў — кажуць, што "Арэшнікам"

Наступствы ўдару па Украіне

Наступствы ўдару па Украіне / ДСНС Украіны

У ноч на 9 студзеня расійскія войскі нанеслі масавы ўдар па Украіне. Выбухі раздаваліся на Львоўшчыне, у Кіеве і Крывым Рогу.  

У Львове прагрымела серыя выбухаў, перадае hromadske.ua. Як паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі, атака была скіраваная на аб'ект крытычнай інфраструктуры.

Мінабароны РФ паведаміла, што па Львове быў нанесены ўдар з балістычнага комплексу "Арэшнік" — нібыта ў адказ на ўкраінскую атаку 29 снежня на адну з рэзідэнцый Пуціна. Украінскі бок ужо зняпраўджваў звесткі пра такую атаку. Не пацвердзілі такую заяву і амерыканскія службы, Дональд Трамп заявіў, што такога ўдару не было.

Атака па Кіеве і вобласці адбылася з дапамогай ударных дронаў. Вядома, што БПЛА пацэліў у дах жылога дома на ўзроўні 18-га паверха, іншы зваліўся ў двары жылога дома. Падчас атакі былі пашкоджаныя крамы, узніклі пажары ў доме і нежылым будынку, а таксама загарэліся аўтамабілі.

Загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку медработнік. Раненні ў выніку расійскай атакі атрымалі 24 чалавекі, сярод якіх ёсць ратавальнікі і медыкі: яны працавалі на месцы ўдару ў Дарніцкім раёне, калі адбыўся паўторны абстрэл.

Абясточаны быў горад Славуціч. У Кіеве без электрычнасці, вады і цяпла засталіся некаторыя раёны горада.

Крывы Рог у Днепрапятроўскай вобласці быў атакаваны ракетамі і дронамі. Дзве ракеты "Іскандэр-М" пацэлілі ў сектар жылой забудовы. Там былі пашкоджаныя 29 шматпавярховых дамоў. З іх каля дзясятка — вельмі сур'ёзна, а адзін з дамоў фактычна разбураны.

У выніку атакі загінула 77-гадовая жанчына. Сярод 23 пацярпелых — шэсць дзяцей, мужчына ў вельмі цяжкім стане і яшчэ адзін у цяжкім.

Расіяне атакавалі Львоў — кажуць, што "Арэшнікам"
Наступствы ўдару па Украіне / ДСНС Украіны
Расіяне атакавалі Львоў — кажуць, што "Арэшнікам"
Наступствы ўдару па Украіне / ДСНС Украіны
Расіяне атакавалі Львоў — кажуць, што "Арэшнікам"
Наступствы ўдару па Украіне / ДСНС Украіны
Расіяне атакавалі Львоў — кажуць, што "Арэшнікам"
Наступствы ўдару па Украіне / ДСНС Украіны

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.