З Мінска на самазвалах вывозяць снег. Што з ім робяць далей?
Снег вывозяць з Мінска.
Сталічныя камунальнікі распавялі, куды знікае снег з мінскіх вуліц.
Сталічны снег ужо не першы год расплаўляе "Мінскводаканал" — у 2016 годзе ў Мінску пачаў працаваць першы і пакуль адзіны ў Беларусі снегасплаўны пункт.
Працэс перапрацоўкі пачынаецца з прыёму: снег з самазвалаў выгружаюць на магутныя драбілкі. Затым праводзяць здрабненне: сумёты ператвараюцца ў дробную крошку. Пасля гэтага — плаўленне: здробнены снег трапляе ў рэзервуар з цёплымі сцёкавымі водамі і хутка растае.
Растоплены снег ачышчаюць пры дапамозе спецыяльных пяскалоўкаў, якія адсякаюць усё смецце і пясок.
На фінішы атрыманая вада самацёкам адпраўляецца на ачышчальныя збудаванні.
Па дадзеных камунальнікаў, толькі за мінулыя суткі снегасплаўны пункт прыняў 824 кубаметры снегу — гэта 70 поўных самазвалаў.