“Глыбока цынічныя людзі”. Чаму ў Беларусі так дрэнна рэстаўруюць архітэктуру

Рамонт з рэстаўрацыяй комплекса будынкаў 4 і 8 па вуліцы Камуністычнай ў Мінску

Рамонт з рэстаўрацыяй комплекса будынкаў 4 і 8 па вуліцы Камуністычнай ў Мінску / Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне рэстаўратараў

Ярка-зялёная фарба Ружанскага палаца. Мадэрнісцкія элементы Старога замку ў Гродна. Залатыя цыбулінкі над сярэднявечнай праваслаўнай царквой.

Абмеркаванне рэстаўрацыйных прац у Беларусі амаль заўсёды пераўтвараецца ў сапраўдны скандал, дзе працу нанятых дзяржавай спецыялістаў няшчадна крытыкуюць. Крытыкаваць ёсць за што — вельмі часта адноўлены аб’ект, маючы гістарычную каштоўнасць, губляе свой аўтэнтычны выгляд.

Чаму так адбываецца? І што варта выправіць, каб сітуацыя палепшылася? Сваім меркаваннем з Еўрарадыё падзяліўся ананімны стваральнік асветніцкага тэлеграм-канала “Спадчына”, прысвечанага беларускай архітэктуры.

 

Незалежны кантроль і пакаранні

Рэстаўрацыяй у нас займаюцца не спецыялісты, а звычайныя чарцёжнікі. У адных занадта вялікія амбіцыі паказаць сябе, у іншых — не хапае адукацыі. 

“Глыбока цынічныя людзі”. Чаму ў Беларусі так дрэнна рэстаўруюць архітэктуру
Паўночны фасад Каложскай царквы ў Гродна / Алена Шчасная

Студэнты ходзяць на канструкцыі, бо думаюць, што гэта вельмі важна, што гэта тое, што павінны ведаць сапраўдныя архітэктары. Забітыя аўдыторыі, спісаныя 2-3 тоўстыя сшыткі. Праўда ў тым, што архітэктар павінен ведаць толькі агульныя рэчы пра канструкцыі і нічога з таго, што яны старанна запісваюць на лекцыях, ім у жыцці патрэбнае не будзе. 

Так, калісьці архітэктары займаліся канструкцыямі, але калі праекты сталі інжынерна занадта складанымі, спецыяльнасць распалася на дзве — на архітэктараў і канструктараў. Так што за канструкцыі ёсць каму адказваць. Калі спецыяльнасць архітэктара выкладаюць у тэхнічным ВНУ, значыць, архітэктар гэта інжынер. Гэта, мякка кажучы, не так.

Архітэктура — дысцыпліна на мяжы інжынерыі, мастацтва і гуманітарных навук: калі ў цябе нейкая з гэтых частак "прасядае", то ніякіх шанцаў стаць добрым дойлідам няма. Твае творы могуць быць добра вычарчаныя, увязаныя з канструкцыямі і камунікацыямі, але пачварнымі знешне і нязручнымі для людзей, і наадварот, прыгожымі звонку і зручнымі, але з неапраўданым канструктыўным рашэннем.

Але ўсё ж за канструкцыі ёсць каму адказваць — канструктарам. Тут усё залежыць ад навыкаў архітэктара да дыялогу з калегамі.

А вось тое, за што адказвае не хто іншы, як архітэктар — эстэтыка, арганізацыя прасторы, гарадское планаванне, рэстаўрацыя, захаванне гістарычных помнікаў — гэта студэнтамі ігнаруецца як няважнае.

“Глыбока цынічныя людзі”. Чаму ў Беларусі так дрэнна рэстаўруюць архітэктуру
Сядзібна-паркавая забудова Прушынскіх у Мінску / Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне рэстаўратараў

І вось прыходзяць яны на працу, а там праз адзін аб'екты, якія абмежаваныя рэгламентамі зон аховы, з катэгорыямі каштоўнасцей, з гістарычным асяроддзем, з традыцыйнымі матэрыяламі ці, даруй божа, дызайн-кодам фасадаў. А ён нічога пра гэта не ведае, бо яго ўвага 6 гадоў (цяпер ужо 5) была сканцэнтравана на іншых рэчах.

Архітэктар не баіцца пакарання. За нядбайную працу на помніку ніякай адказнасці няма. Нават грамадскай — ніхто ніколі не даведаецца, што гэта менавіта ён знішчыў усю аўтэнтыку ў інтэр’еры, бо яна замінала зрабіць падвесную столю.

Асобныя архітэктары і навуковыя кіраўнікі, якія гараць справай і разумеюць, як працаваць з помнікамі, не могуць амаль нічога зрабіць у гэтым моры абыякавасці. 

Выправіць сітуацыю можа незалежны кантроль і пакаранні. Больш ніякіх сродкаў я не бачу. Пакуль не пачнуць адбіраць правы праектаваць на некалькі гадоў, штрафаваць на дзясяткі тысяч рублёў і даваць рэальныя тэрміны (усё тое, што насамрэч прадугледжана заканадаўствам) за дапушчаныя неабгрунтаваныя змены на помніках, нічога не зменіцца. 

Я не веру ў тое, што асвета нешта можа даць. У будаўніцтве працуюць глыбока цынічныя людзі, якім пляваць на асвету, помнікі і ўсё падобнае, калі за гэтым не стаіць нешта, што можа ўдарыць па іх асабіста. 

“Глыбока цынічныя людзі”. Чаму ў Беларусі так дрэнна рэстаўруюць архітэктуру
Адрэстаўраваная капліца ў складзе былой сядзібы Агінскіх “Ганута” / Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне рэстаўратараў

Праблема ў тым, што кантраляваць няма каму. Патрэбны орган, які не будзе залежаць ні ад якога чыноўнічка. Бо сёння адказныя за кантроль у выканкамах слухаюць тое, што ім кажа кіраўніцтва выканкама. 

Натуральна, што прыцягнуць нейкую мясцовую дзяржаўную арганізацыю за незаконныя дзеянні яны не могуць — канфлікт інтарэсаў. 

Аналагічна са спецыялістамі ў Мінкультуры — у ведамства прыходзіць поп і расказвае міністру, як яго нядобрыя супрацоўнікі з Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры хочуць святога чалавека аштрафаваць і прымусіць перарабіць тое, на што ён 5 гадоў даіў свой прыход. 

Міністр выклікае на дыван спецыялістаў і адчытвае. Ну як такое можа функцыянаваць нармальна? Звычайна чалавек пасля першага такога выкліку вырашыць больш нідзе і ніколі сваю ініцыятыву не праяўляць — і я іх разумею.

У той жа час у нас ёсць Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету, якая нікому не падпарадкоўваецца і можа прыцягваць да адказнасці і мясцовыя ўлады, і нават міністэрствы. У 1990-я гады ў нас была Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, але пасля яе панізілі ў статусе і далучылі да Мінкультуры. 

Разумееце, будаўніцтва гэта такая сфера, дзве вельмі шмат грошай і дзяржаўных інтарэсаў, і яшчэ адна палка ў колах замінае ехаць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.