Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт

Від з вышыні на Стары замак у Гродна

Від з вышыні на Стары замак у Гродна / ЧПУП "Рыфтур"

У канцы гэтага году пачнецца праектаванне рэстаўрацыі зачыненай турмы на вуліцы Валадарскага, вядомай яшчэ як Пішчалаўскі замак. Па словах

кіраўніка Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з каменнага астрога, пабудаванага ў 19 стагоддзі, плануюць зрабіць універсальную пляцоўку для гандлю і забаў.

Ведаючы любоў беларускіх чыноўнікаў вельмі вольна ставіцца да пытання рэстаўрацыі гістарычных аб’ектаў, ананімны стваральнік тэлеграм-канала “Спадчына” спецыяльна для Еўрарадыё склаў уласны спіс з пяці найгоршых адноўленых будынкаў і патлумачыў, што было зроблена не так.

 

Шэдэўр дзяржаўнага апартунізму

Скласці топ найгоршых прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях цяжка, бо прасцей па пальцах пералічыць аб'екты, да якіх асабліва няма прэтэнзій. І цяжка расставіць іх у нейкай паслядоўнасці, бо яны як смяротны грахі - адлюстроўваюць кожны сваю праблему. 

І ўсё ж, відаць, варта на першае месца паставіць, бадай, самы вядомы аб’ект, галоўны  паштовачны від у Беларусі апошніх гадоў — Стары замак у Гродне. 

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Стары замак у Гродна / Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне рэстаўратараў

Гэта шэдэўр дзяржаўнага апартунізму ў рэстаўрацыі, калі на ўсіх узроўняў вельмі хацелася мець свой каралеўскі палац, каб быць не горш за суседзяў, а астатняе не мела значэння. 

Як вядома, праект рэстаўрацыі быў распрацаваны яшчэ ў канцы 1980-х гадоў. Ён адлюстроўваў тагачаснае разуменне рэстаўрацыі, якое было ў нашай краіне. У тым жа духу была рэалізаваная рэканструкцыя Траецкага прадмесця, якая замест захавання аўтэнтычнасці, стварала ідэалізаваны вобраз старога горада.

Бяда Старога замку ў тым, што той праект быў адкладзены ў шуфляду на дзесяцігоддзі і яго сталі рэалізоўваць ужо калі быў зусім іншы час і зусім іншае разуменне гісторыка-культурных каштоўнасцей у краіне. Як вядома, “кожнаму часу - сваё мастацтва”, гэты праект не трапіў у час. Магчыма, калі б ён быў бы рэалізаваны ў 1980-я, то мы б замілаваннем глядзелі б на яго вежы і флюгеры, думаючы, што так і было заўсёды. Як мы глядзім сёння на Траецкае з боку Свіслачы, на фасады, якіх ніколі не існавала, бо гэтыя будынкі быў унутры квартала. 

Самае паскуднае, што за тыя дзесяцігоддзі, якія праект пыліўся ці вяла распрацоўваўся, рэальна для вывучэння Старога замку не было зроблена нічога. 

Не было ніякіх важных археалагічных даследаванняў (не лічачы тых, што правялі непасрэдна перад пачаткам праектавання), стратыграфічных даследаванняў захаваных муроў, архіўных пошукаў, не было ніякіх манаграфій і навуковых артыкулаў па праблематыцы выгляду Старога замка. 

А ён страціў свой аўтэнтычны выгляд так даўно, што мы пра яго не ведаем амаль нічога, што істотна адрознівае сітуацыю ад той, што была з каралеўскім замкам у Варшаве і палацам вялікіх князёў на Ніжнім замку ў Вільні. Так, ёсць інвентары, ёсць адна гравюра, ёсць нейкія міжваенныя даследаванні — але гэтага крытычна мала, каб адбудаваць палац як пры Стэфаны Баторыі. 

У Старым замку было на дзесяцігоддзі даследчай працы і навуковых дыскусій. Падняць усе архівы, загадзя ўсё раскапаць і даследаваць, вывучыць да цагліны ўсё, што захавалася, усё гэта сабраць, абагуліць, абмеркаваць, паспрачацца, праверыць яшчэ раз, параўнаць з аналагамі, перапісаць свае высновы занава — тытанічная праца. 

І толькі пасля садзіцца і праектаваць. Гэта складаны, шматслойны аб’ект, дзе ёсць нават рэшткі старажытнарускіх храма і княжацкага хорама. У прынцыпе аднаўляць Стары замак на перыяд Баторыя, пра якія мы мала што ведаем, было метадалагічнай памылкай — усе гістарычныя эпохі каштоўныя, нават эпоха заняпаду. 

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Выгляд Старога замку ў Гродна з вышыні / Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне рэстаўратараў

Нічога з гэтага зроблена не было. 

І што самае прыкрае — праекціроўшчыкі не маюць ніякага абавязку публікаваць свае даследаванні, абгрунтаваць і тлумачыць свае рашэнні перад навуковай грамадскасцю. Ціха абмеркавалі за дзвярыма кабінетаў, ціха ўзгаднілі, пабудавалі і пайшлі далей. 

І з гэтай пазіцыі цяжка крытыкаваць рэстаўрацыю, бо мы нічога не ведаем пра тыя рашэнні, якія прымаліся, і тую аўтэнтыку, якая была выяўлена. Як не парадаксальна, любая рэстаўрацыя разбурае помнік, а такая маштабная — тым больш. Калі аднойчы мы захочам перарабіць няўдалы вынік, ці знойдзем мы пад сучаснасцю хоць нешта, хто яшчэ зможа нам распавесці пра замак? 

На жаль, як дакументальнае сведчанне рэканструяваная частка замка страчана для навукі. Ужо не кажучы пра такія “дробязі” як аўтэнтычнасць задумы, матэрыялаў і тэхналогій. У нас няма ніякіх падстаў не думаць, што першая чарга Старога замка — плод хворай фантазіі праекціроўшчыкаў, а дзе пачынаецца фантазія, там канчаецца рэстаўрацыя. Таму тут ніякага сэнсу разбіраць па дэталях што не так няма — не так усё. 

Не хочацца агульна хаяць, але нават калі глядзець на Стары замак не як на помнік, а проста як на архітэктурны твор, то гэта вельмі слабая архітэктура ўзроўню бутафорыі ў парку забаў. 

Архітэктары панатаскалі элементаў з іншых пабудоў, але ў звязную карцінку яны не склалаліся - усё выглядае выпадковым. Некаторыя элементы яўна прадыктаваныя асаблівасцямі праектавання ў праграме “Аўтакад”. Калі паглядзець на шчыт адной з пабудоў, то той, хто хоць некалі праектаваў, здагадаецца, што гэтая форма атрымалася ў выніку выкарыстання ў “Аўтакадзе” інструмента сплайн і адлюстравання яго па вертыкальнай восі. Жывая рука ніколі не намалюе такую пачварную форму.

Трэба адзначыць, што на памылках вучацца, і наколькі мне вядома, наступную чаргу, якая закране ўласна палац, даследуюць больш грунтоўна, дый захавалася там істотна больш. Так што, можа быць не ўсё страчана. На жаль высокая турыстычная прыцягальнасць адзінага каралеўскага замка на Беларусі фактычна легітымізуе найгоршыя падыходы ў рэстаўрацыі.

 

Тры розныя колеры зялёнага

Усе ўжо папляваліся ад зялёнага колеру Ружанскага палаца. 

Сітуацыя нават камічная — толькі часткова адноўлены палац памаляваны адразу ў тры розныя колеры зялёнага, але ні адзін з іх не трапіў у гістарычны. Гэта гаворыць пра тое, што нармальных даследаванняў, як і ў выпадку са Старым замкам тут не было. 

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Рэстаўрацыйныя працы палаца Сапегаў у Ружанах / Выдавецкі дом "Беларусь сёння"

Калі пахадзіць па будоўлі, то дагэтуль можна адшукаць кавалкі арыгінальнай аддзелкі з захаваным зялёным пігментам: бяры і паўтарай. Замест гэтага гора-рэстаўратары спачатку глядзелі на чарцяжы, дзе фасады светла-зялёныя — у такім выглядзе рэалізаваная брама. 

Пасля пачалі глядзець у кніжкі беларускіх аўтараў 1980-х гадоў, якія, як і гэтыя рэстаўратары, ніколі ў жыцці не бачылі сапраўдных барочных колераў, а толькі меркавалі пра тое, якімі яны мусяць быць. Так з’явіўся кіслотна–зялёны тэатральны корпус. 

Нарэшце паспрабавалі свае ўласныя высновы на аркадзе. І ўсё не то! 

Ганебнае відовішча, якое сорамна не толькі якому-небудзь спецыялісту паказаць, але і проста турысту. 

Перафарбаваць найменшая з бедаў, можна было б забыць як страшны сон і дачакацца найлепшых часоў. Але рэстаўратары яшчэ не скончылі свой здзек з гэтага помніка. Нядаўна тэатральны корпус быццам бы скончылі і пачалі ставіць скульптуры на франтоны. І тут выявілася, што не то што пігменты ніхто не даследаваў, ніхто не даследаваў нават муроўку: скульптуры не змясціліся на франтоне і іх пачалі рухаць туды, дзе б яны змясціліся — гэта проста за мяжой дабра і зла. 

Гэта ўжо нават не архітэктурныя прыёмы ўваходу ў парк забаў, а з прыватнага катэджа мільянера з 90-х гг. - што хачу, то варачу. Ні адзін чалавек, які мае дыплом архітэктара, не дазволіў бы ні сабе, ні іншым такіх вольнасцяў, таму што так не можа быць у класічнай архітэктуры ніколі. 

Прычына, як выявілася, у тым, што скульптуры стаялі на порціку, а корпус аднавілі без яго, хоць у сценах на старых здымках бачныя адтуліны, якія маглі выкарыстоўвацца толькі з адной мэтай — пакласці бэлькі, адзін з канец якіх будзе абапірацца на калоны порціка. Порцік ёсць на праектных чарцяжах, сляды ад бэлек порціка былі ў муроўцы, ідэнтычны порцік быў на палаца Сапегаў у Дзярэчыне.

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Рэстаўрацыйныя працы палацу Сапегаў у Ружанах / БелТА

Але ў Ружанах няма порціка. І відаць ужо не будзе, бо чарга завершана, аб’ект здадзены. Якая ж гэта рэстаўрацыя, калі сляпцы не бачаць нават тое, што ляжыць перад самым носам? 

Гэта проста прыкры здзек. Чаму адказныя асобы ўсё яшчэ займаюць свае пасады? Пытанне рытарычнае. 

 

Пад чыстую вынішчыў усю аўтэнтыку

Свята-Георгіеўская царква ў Валавелі Драгічынскага раёна — напэўна, гэта мой асабісты нумар адзін з антырэстаўрацыі ў Беларусі. 

Адна з самых цікавых драўляных цэркваў ва ўсёй краіне, якая магла б прэтэнтдаваць разам з іншымі аналагічнымі храмамі на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА была проста знішчана папом і грашыма невядомага спонсару. Адзін даваў, іншы рабіў што хоча. Статус помніка нікога не турбаваў. 

Замест шалёўкі з’явіўся сайдынг пад брус, замест складаных купалоў-баняў здзекліва спрошчаныя зялёныя купалы з залатымі цыбулінамі, непатрэбныя папу вокны зашылі. І гэта на помніку 2-й катэгорыі — помніку рэспубліканскага значэння. Насамрэч такога шмат. Амаль немагчыма ўжо знайсці драўляную царкву, якая б не была знявечаная ўласнікам. 

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Свята-Георгіеўская царква ў Валавелі пасля рэканструкцыі / РПУП "Рыфтур"

Але гэта гісторыя ў першую чаргу пра адсутнасць адказнасці. Калі перабудова выявілася і інфармацыя дайшла да Мінска, прыйшлося рэагаваць. Пытанне разгледзелі на камісіі і прыйшлі да высновы, што папа не трэба прыцягваць нават да адміністрацыйнай адказнасці і штрафаваць. То бок афіцыйны ніякага парушэння не было, яго візуальны складнік, перастаў існаваць. І выпраўляць поп нічога не абавязаны — чыноўнікі патлумачылі, што ў гэтага і іншых прыходаў няма грошай. Дзіўна, ёсць на залатыя купалы, але няма на тое, каб перарабіць свае незаконныя дзеянні.

Яшчэ больш наглы поп аказаўся ў Свержані, якія таксама маючы шмат грошай пад чыстую вынішчыў усю аўтэнтыку, якую змог. Яго не змаглі спыніць ні Мінкультуры, ні пракуратура, а навуковаму кіраўніку, якія быў за нейкія грахі прыстаўлены да гэтага аб’екта, адкрыта пагражаў сілавымі органамі, калі той уздумае пайсці супраць. Вось гэта я разумею “ласка божая”!

 

У будучыні тут будзе дзе пракуратуры разгуляцца

Гістарычны цэнтр Брэста — гэта ўзорны прыклад таго, калі ёсць грошы, але багацце апераджае прававую культуру. 

Адзін за адным будынкі па Савецкай вуліцы і іншых у цэнтры Брэста вынішчаюцца пад камерцыйную забудову. Агалцелы капіталізм пляваць хацеў на старыя сцены, калі яны не прыносяць яму падвойнага прыбытку. У горадзе адпрацавалі схему, якая з’явілася дзякуючы дапамозе мясцовых чыноўнікаў, якія пасля, як не дзіўна, усе сыходзяць у бізнес, як абыходзіць любыя патрабаванні заканадаўства. 

Любімы прыём — наняць кампанію, якая табе за грошы напіша, што грунты не нясуць. Правяраць такое заключэнне ніхто не будзе, бо гэта даволі дорага. І вось атрымліваецца, што пад кожным домам у Брэсце не нясуць грунты. Напэўна трэба эвакуяваць горад, бо нераўнуючы часу змые яго куды-небудзь ніжэй па Бугу.

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Гістарычны цэнтр Брэсту да рэканструкцыі / Анастасія Даніловіч, "Анлайнер"

Натуральна гэта ўсё хлусня, бо на тых дамах, пад якімі “не нясуць грунт”, няма ніякіх расколін, якія можна пабачыць у сапраўды праблемных месцах. Але гэта надзейны спосаб аргументаваць, чаму трэба разабраць стогадовы дамок дашчэнту і пасля сабраць яго, ну як атрымаецца, са старой цэглы.

У будучыні тут будзе дзе пракуратуры разгуляцца, але пакуль не час. Праўда, ці застанецца хоць нешта ад гістарычнага цэнтра горада да таго часу?

 

Увогуле дрэва ў нас усё душой ненавідзяць

Зусім нядаўні прыклад, які паказвае сапраўднае стаўленне да аўтэнтыкі нават у быццам бы прафесійных рэстаўрацыях. 

У Клімавічах рэстаўрацыя сядзібы Мяшчэрскіх складалася ў тым, каб разабраць увесь драўляны дом, замяніць падмуркі і сабраць яго наноў, замяніўшы струхлелыя элементы. Як хутка выявілася, струхлелымі на думку дзяржаўнага заказчыка і на ўсё згодных праекціроўшчыкаў аказалася літаральна ўся драўніна дарэвалюцыйнага дома. 

Аднаўляць пачалі з сучаснага бруса сцены. Здавалася ўсё тое ж самае — дрэва на дрэва, але д’ябал у дэталях. Сцены з бруса аказаліся танчэйшымі, чым былі, значыць змянілася адпаведна аконная рама, далей не змаглі паўтарыць тыя ж кроквы, што былі, атрымаліся заломы, якіх не было. Аднавілі балкон, але разьбяныя падзоры ўжо павесілі не так. 

Пяць найгоршых рэстаўрацый гістарычных аб’ектаў Беларусі — каментуе эксперт
Параўнанне аўтэнтычнай сядзібы і недабудаванага муляжа сядзібы Мяшчэрскіх / rodniva.by

Ёсць вядомы парадокс карабля Тэсея - калі замяніць у ім усе элементы на новыя, ці застанецца гэты карабель усё тым жа? У беларускім ізводзе парадокс гучыць так: калі замяніць усе элементы і сабраць іх няправільна, ці будзе гэта лічыцца навуковай рэстаўрацыяй? На думку дзяржавы — так, на маю думку — не. 

Увогуле дрэва ў нас усё душой ненавідзяць. Лясная краіна не хоча рабіць нічога з дрэва і ўжо не ўмее рабіць хоць нешта. І тым больш не разумею, якая каштоўнасць у гэтых бярвёнах. 

Парадаксальны прыклад — у Жыровіцах разабралі Георгіеўскую могілкавую царкву і практычна ўвесь зруб замянілі на новы. Немагчыма захаваць! А пад Мінскам з зямлі вымаюць зруб сярэднявечнага гарадзішча і вязуць у Гомель на кансервацыю тысячагадовай драўніны. 

Усё можна, калі хочацца. Але ніхто не хоча, нікому не трэба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.