Падчас атакі па Украіне расійскія дроны заляцелі ў Малдову і Румынію
Дрон, які заляцеў у Малдову / Poliția Republicii Moldova
Падчас расійскай начной атакі 25 лістапада па Украіне расійскія дроны парушылі паветраную прастору Малдовы і Румыніі.
Мінабароны Малдовы паведамляе пра шэсць беспілотнікаў, заўважаных у паветранай прасторы краіны, якія несанкцыянавана перасяклі дзяржаўную мяжу. Як перадае newsmaker.md, дроны былі заўважаныя як на поўдні, так і на поўначы краіны.
У Мінабароны Малдовы расказалі, што першы дрон тыпу "Шахед" заўважылі на вышыні каля 1,5 км, ён перасёк мяжу з Румыніяй. Потым сістэмы назірання малдоўскага войска зафіксавалі яшчэ пяць дронаў. "Адзін з іх зваліўся на дах дома ў вёсцы Ніжнія Кугурэшты Фларэшсцкага раёна", — удакладнілі малдоўскія вайскоўцы.
У Румыніі паведамілі, што беспілотнік, які заляцеў у іх паветраную прастору, потым вярнуўся ва Украіну.
Камбінаваны ўдар ракетамі і дронамі расійскае войска нанесла па Украіне мінулай ноччу. Адной з мэтай атакі стаў Кіеў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ўдар быў нанесены 22 ракетамі розных тыпаў, у тым ліку аэрабалістычнымі, і больш як 460 дронамі.