Камісія фінансавага нагляду Польшчы разгледзіць праблемы беларусаў з рахункамі

PKO Bank Polski

PKO Bank Polski / PKO

Праблема беларусаў з банкаўскімі аперацыямі ў Польшчы, якая ўзнікла пасля ўвядзення 19-га пакета санкцый, будзе разгледжана на бліжэйшым пасяджэнні Камісіі фінансавага нагляду Польшчы. У яе кіраўніцтва ўваходзіць прадстаўнік Нацыянальнага банка. Пра гэта паведамляецца ў допісе на канале Аб'яднанага пераходнага кабінету.

Нагадаем, што напрыканцы 2025 года многія беларусы пачалі атрымліваць паведамленні ад банкаў пра тое, што яны не змогуць карыстацца мабільнымі дадаткамі, калі не пацвердзяць свой статус знаходжання ў Польшчы.

Гэта звязана з неадназначнай трактоўкай апошняга пакета санкцый ЕС, праз што значная колькасць беларусаў сутыкнулася з пагрозай блакавання банкаўскіх мабільных дадаткаў.

Падчас сустрэчы Паўла Латушкі 9 студзеня ў Нацыянальным банку Польшчы з намеснікамі дырэктара Дэпартамента статыстыкі Яцэкам Кацякам і Гжэгажам Дабрачэкам ён адзначыў, што любы беларус, які на законных падставах знаходзіцца ў Польшчы, павінен мець права на банкаўскі рахунак і мабільны дадатак да яго — незалежна ад наяўнасці актуальнага віду на жыхарства ў Польшчы.

Гэта вынікае таксама з артыкула 108 Закона Польшчы "Аб замежніках", нагадаў беларускі палітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.