За кратамі памёр удзельнік акцый за Лукашэнку, асуджаны па палітычных артыкулах
Георгій Сямёнаў / фота з "Аднакласнікаў"
У зняволенні ў Беларусі памёр прарасійскі актывіст Георгій Сямёнаў — даносчык і прыхільнік Лукашэнкі. Ён быў асуджаны паводле палітычных артыкулаў, але палітвязнем яго не прызналі, піша "Наша Ніва".
Сямёнаву было 48 гадоў. Ён мінчук, у 1998 годзе скончыў гістарычны факультэт Белдзяржўніверсітэта.
У жніўні 2020-га гісторык зрабіў два даносы ў міліцыю на сваіх суседзяў на вуліцы Казінца ў мінскім раёне Курасоўшчыне. 14 жніўня ён затэлефанаваў з паведамленнем, што каля 30 чалавек стаяць і трымаюць бел-чырвона-белы сцяг. А 15 жніўня было такое паведамленне: "На плошчы каля 15 чалавек зладзілі несанкцыянаваную акцыю, гучна слухаюць музыку, са сцягамі. Прашу дапамогі міліцыі, перашкаджаюць адпачываць жыхарам суседніх дамоў".
Сямёнаў хадзіў на акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнічаў у суполцы "Спектр", якая збіралася каля аднайменнага гандлёвага цэнтра ва Уруччы. У 2022‑м гэтыя акцыі забаранілі, пасля чаго пра дзейнасць "Спектра" не было чуваць.
Пасля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі супраць Украіны Сямёнаў актыўна падтрымліваў Расію.
Паводле звестак "Кіберпартызанаў", апошняе месца працы Сямёнава — кампанія "Жэнцітрэйд". Пад гэтай юрыдычнай назвай працуе расійская сетка крам касметыкі і парфумы "Летуаль".
Затрымалі мужчыну ў жніўні 2024-га: на адной з яго старонак сілавікі выявілі апраўданне нацызму. Яму выставілі абвінавачванні па трох артыкулах — "рэабілітацыя нацызму" (ч. 1 арт. 130‑1 КК), "распальванне варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК) і "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Праваабаронцы не прызналі яго палітвязнем, бо не ведалі сутнасць справы.
Дакладны прысуд, які ўлады вынеслі Сямёнаву, невядомы.