Расіянін стварыў у Польшчы дыверсійную сетку і сачыў за беларусамі

Польскія спецслужбы, ілюстрацыйнае фота

Польскія спецслужбы, ілюстрацыйнае фота / ABW

Нацыянальная пракуратура Польшчы ідэнтыфікавала расіяніна, які стварыў у краіне шпіёнска-дыверсійную сетку — гэта 28-гадовы Міхаіл Міргародскі. Сярод ахвяр яго дзейнасці называюць беларусаў. Следства назвала пяць абвінавачванняў, якія могуць выставіць Міргародскаму, заўважыў MOST.

Найперш гаворка ідзе пра стварэнне і кіраўніцтва арганізаванай злачыннай групоўкі тэрарыстычнага характару. Міргародскі, як сцвярджае следства, праз Тэлеграм у перыяд з 1 кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023-га стварыў групу мінімум з 30 чалавек і кіраваў ёй. Чальцам групы ён даручаў назіраць за вайсковымі транспартнымі сродкамі і судамі, ставіць GPS-перадатчыкі, рабіць відэазапіс, усталёўваць прылады для перадачы даных з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры (аэрапортаў, чыгуначных вакзалаў, ваенных аб'ектаў, тэрмінала на польска-ўкраінскім памежным пераходзе).

Таксама Міргародскі даручаў удзельнікам групы друкаваць і расклейваць прарасійскія, антыўкраінскія і антынатаўскія ўлёткі. Адным з заданняў было пусціць пад адхон цягнік.

Частка злачынстваў была скіраваная супраць украінцаў (па прыкмеце нацыянальнасці) і беларускай палітычнай эміграцыі. Як сведчыць пракуратура, Міргародскі схіляў удзельнікаў групы да гвалту і пагроз супраць беларусаў і ўкраінцаў. Таксама ён прапаноўваў знішчаць іх маёмасць, у тым ліку нерухомасць і аўтамабілі з дапамогай кактэйляў Молатава.

Таксама Міргародскага падазраюць у фінансаванні тэрарызму. За ўсталяваную камеру выканаўцам плацілі 300-400 долараў. За кожную прапагандысцкую налепку выканаўца атрымліваў пяць долараў. За пуск цягніка пад адхон было прапанавана заплаціць 10 тысяч долараў. Усе аплаты праводзіліся праз крыптабіржы.

Сам Міргародскі знаходзіцца не ў Польшчы, таму затрымаць яго не ўдалося. Яго абвясцілі ў вышук, у тым ліку па "чырвонай картцы" Інтэрпала.

Затое польскія праваахоўнікі затрымалі 16 удзельнікаў створанай ім групы. Сярод іх 12 грамадзян Украіны, трое грамадзян Беларусі і адзін расіянін. Ім прысудзілі розныя тэрміны — да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер пад расследаваннем знаходзяцца яшчэ восем чалавек, якіх падазраюць у дзеяннях на карысць расійскай разведкі. Гэта трое грамадзян Беларусі, двое расіян (у тым ліку Міргародскі) і па адным грамадзяніне Украіны, Польшчы і Літвы. Большасці з іх не ўдалося выставіць абвінавачванні, бо яны не знаходзяцца ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.