У Польшчы траіх беларусаў і дваіх украінцаў абвінавацілі ў шпіянажы

Супрацоўнікі ABW, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі ABW, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і паліцыі Польшчы 25 і 26 лістапада 2025 года затрымалі пяцярых чалавек — траіх беларусаў і дваіх украінцаў. Усім ім выставілі абвінавачанне ў шпіянажы на карысць замежнай разведкі, паведамляе пракуратура Польшчы.

Называюцца імёны затрыманых беларусаў — Вікторыя М., Антон М. і Уладзімір У. Украінцы — Аляксандр С. і непаўналетняя Сафія Х.

Як сцвярджае следства, усе яны працавалі на замежную разведку супраць Польшчы з сакавіка 2024 года па люты 2025-га ў Жэшуве, Варшаве, Лодзі ды іншых населеных пунктах.

"Дзеянні падазраваных заключаліся ва ўсталяванні кантакту з прадстаўнікамі замежнай разведкі праз мэсэнджар Telegram і выкананні даручаных заданняў, уключаючы стварэнне і перадачу фатаграфічнай дакументацыі аб'ектаў крытычнай інфраструктуры і месцаў, якія маюць ключавое значэнне для бяспекі дзяржавы, а таксама ў расклейванні плакатаў і нанясенні графіці", заяўляюць у пракуратуры. За выкананыя заданні яны атрымлівалі грошы ў крыптавалюце.

Траім падазраваным (Вікторыі М., Аляксандру С. і Антону М.) акруговы суд у Любліне прызначыў часовы арышт на тры месяцы. Непаўналетнюю Сафію суд па хадайніцтве пракурора накіраваў у прытулак для непаўналетніх на тры месяцы. Уладзіміру У. з улікам дрэннага стану яго здароўя прызначылі забарону на выезд з краіны.

За шпіянаж на карысць замежнай разведкі ў Польшчы пагражае ад 5 да 30 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.