Беларус рыхтаваў у Сербіі малдаван для дэстабілізацыі перад выбарамі

Сілавікі, ілюстрацыйнае фота / t.me/MDNationalArmy/
У Сербіі перад парламенцкімі выбарамі ў Малдове рыхтавалі людзей для дэстабілізацыі абстаноўкі пры неспрыяльным для прарасійскіх сіл выніку. Выбары адбыліся 28 верасня, большасць на іх атрымала праеўрапейская партыя Маі Санду.
Лагер размяшчаўся каля горада Лозніца. На тэрыторыі комплексу "Sunčana reka" з ліпеня па верасень больш за 150 прарасійскіх актывістаў там вучылі распазнаваць баявыя цэлі. Таксама яны навучаліся стральбе на палігоне.
Вайсковымі інструктарамі выступалі грамадзянін Беларусі Аляксандр Гонтараў (Aliaksandr Hontarau, 54 гады) і расіянін Сяргей Андрэенкаў, сябра партыі "Адзіная Расія", пішуць праваабаронцы з MAYDAY са спасылкай на чарнагорскае выданне "Vijesti".
Паведамляецца, што вайсковыя інструктары двойчы выязджалі з Сербіі ў Чарнагорыю, каб не парушаць заканадаўства: беларусы і расіяне могуць знаходзіцца ў гэтай краіне без візы толькі 30 дзён.
Пра Андрэенкава вядома, што сёлета ён балатаваўся на выбарах у Смаленскі гарсавет. У 2022 годзе падчас пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны працаваў дарадцам кіраўніка вайскова-грамадзянскай адміністрацыі акупаванай тэрыторыі Харкаўскай вобласці Украіны. Пра беларуса інфармацыі ў адкрытых крыніцах знайсці не ўдалося.
Перад парламенцкімі выбарамі малдаўская паліцыя правяла шэраг ператрусаў. Падчас іх былі затрыманыя 74 чалавекі. Іх падазраюць у праходжанні падрыхтоўкі ў Сербіі пры каардынацыі расійскіх спецслужбаў. Паведамляецца, што гэтыя людзі вывучалі тактыку прарыву паліцэйскіх кардонаў, прымяненне гумовых дубінак, прыёмы абыходжання з агнястрэльнай зброяй.
Па падазрэнні ў арганізацыі і фінансаванні лагера каля Лозніцы паліцыя Сербіі затрымала Лазара Папочыва і Сава Стэвановіча. У іх кватэрах пры ператрусах выявілі тэхніку, прыладу для выяўлення радыёчастотных сігналаў і пісталет.
Расследаваннем таго, як дзясяткі грамадзян Малдовы прайшлі ў Сербіі такое навучанне, займаецца і Еўракамісія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.