Без святла ў Берліне застаюцца 25 500 кватэр
Частка Берліна застаецца без электрычнасці / Emmanuele Contini/IMAGO
На паўднёвым захадзе Берліна без электрычнасці застаюцца каля 25 500 хатніх гаспадарак і 1200 прадпрыемстваў. Гэта вынік дыверсіі левых экстрэмістаў, учыненай 3 студзеня.
Прычынай маштабнага адключэння электраэнергіі стаў падпал на кабельным мосце каля цеплаэлектрацэнтралі Ліхтэрфельдэ. Рамонтныя работы працягнуцца да вечара 8 студзеня, перадае DW. Як адзначае кіруючы бургамістр Берліна Кай Вегнер, адключэнне святла закранула прыкладна 100 000 жыхароў горада.
Зачыненымі застаюцца каля 20 школ на паўднёвым захадзе Берліна. А вось 72 з 74 дамоў састарэлых у закранутых раёнах забяспечылі электраэнергіяй да вечара панядзелка.
Адказнасць за атаку ўзялі на сябе прадстаўнікі леварадыкальнай экстрэмісцкай групы Vulkan. Яны заявілі, быццам не хацелі пакінуць жыхароў Берліна без святла, а мэтай атакі на ЦЭЦ была "выкапнёвая энергетыка як такая". Улады Берліна і Германіі ацэньваюць іх дзеянні як тэрарызм.