Экс-кіраўніцу дыпламатыі ЕС Федэрыку Магерыні затрымалі ў Бельгіі

Федэрыка Магерыні

Федэрыка Магерыні / EPA / ТАСС

У Бельгіі затрымалі былую кіраўніцу дыпламатыі ЕС Федэрыку Магерыні, паведамляюць еўрапейскія СМІ.

Гаворыцца, што Магерыні затрымалі разам з двума іншымі людзьмі ў рамках расследавання справы аб махлярстве. Інфармацыя пра затрыманне Магерыні з'явілася, у прыватнасці, ў агенцтва AFP і бельгійскай вяшчальнай кампаніі VRT.

Раней Еўрапейская пракуратура (EPPO) паведаміла пра ператрусы ў Еўрапейскай службе знешніх сувязяў у Брусэлі. Таксама ператрусы адбыліся ў Каледжы Еўропы (Бруге, Бельгія), які ўзначальвае Магерыні, ды іншых месцах. Імёны затрыманых афіцыйна не называюцца. У паведамленні пракуратуры правядзенне ператрусаў тлумачыцца "расследаваннем меркаванага махлярства, звязанага з фінансаванай ЕС праграмай падрыхтоўкі маладых дыпламатаў".

Раней у СМІ пратачылася інфармацыя, што расследаванне пачалося на фоне падазрэнняў, што Каледж Еўропы і Еўрапейская служба знешніх сувязяў маглі неправамерна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі ЕС у 2021-2022 гадах.

Федэрыка Магерыні ўзначальвала еўрапейскую дыпламатыю з 2014 па 2019 год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.