Трамп хоча абкласці пошлінамі абаронцаў Грэнландыі — Калас адказвае
Кая Калас і Дональд Трамп / Калаж
Дональд Трамп заявіў, што ўвядзе падвышаныя пошліны для краінаў, якія адправілі сваіх вайскоўцаў у Грэнландыю. Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас адрэагавала: "Кітай і Расія, відаць, цяпер паціраюць рукі".
З 1 лютага экспарт у ЗША з Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і Фінляндыі будзе абкладацца 10%-най пошлінай. Яна будзе дзейнічаць, "пакуль не будзе дасягнутан пагадненне пра поўнае і абсалютнае набыццё Грэнландыі" Злучанымі Штатамі, пагражае Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.
Палітык лічыць, што Грэнландыя патрэбная ЗША, бо іначай кантроль над ёю атрымаюць Кітай і Расія. Кая Калас адказвае, што калі пытанне бяспекі вострава сапраўды існуе, яго можна вырашыць у рамках NATO. А ўвядзенне пошлін можа хіба што зрабіць Еўропу і ЗША бяднейшымі:
"Кітай і Расія, відаць, цяпер паціраюць рукі. Менавіта яны выйграюць ад рознагалоссяў паміж саюзнікамі".
Калас дадае, што нельга, каб спрэчка вакол Грэнландыі адцягнула ўвагу ад асноўнай задачы — дапамагчы спыніць вайну Расіі супраць Украіны.