Еўрадэпутаты заклікаюць пачаць наступны этап перамоў па далучэнні Малдовы да ЕС

Еўрапарламент, ілюстрацыйнае фота

Еўрапарламент, ілюстрацыйнае фота

Дэпутаты Еўрапарламента з 19 краін Еўрасаюза заклікаюць неадкладна пачаць наступны этап перамоваў пра ўступленне Малдовы ў ЕС. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які яны накіравалі старшыні Еўрапейскага савета Антоніу Кошту.

Пра такі ліст 5 кастрычніка паведаміў віцэ-старшыня Еўрапарламента Віктар Нягрэску.

"Па маёй ініцыятыве і пры падтрымцы 55 дэпутатаў Еўрапарламента з 19 еўрапейскіх краін, якія прадстаўляюць асноўныя дэмакратычныя палітычныя сем'і, мы накіравалі ліст старшыні Еўрапейскага савета Антоніу Кошту з заклікам неадкладна адкрыць перагаворныя кластары з Малдовай. Гэта моцны палітычны сігнал: Еўрапарламент безумоўна падтрымлівае еўрапейскую будучыню Малдовы, прызнае праведзеныя рэформы і патрабуе, каб выбар грамадзян краіны, выражаны на парламенцкіх выбарах, рэалізавалі", — прыводзіць newsmaker.md словы Нягрэску.

Малдова атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС разам з Украінай 23 чэрвеня 2022 года. У снежні 2023 года Еўрасавет прыняў рашэнне пачаць перамовы аб уступленні з абедзвюма краінамі.

Працягласць такіх перамоваў не рэгламентаваная і залежыць ад таго, як хутка краіна здолее выканаць умовы, неабходныя для ўступлення ў ЕС. Улады Малдовы мяркуюць, што краіна можа ўступіць у ЕС ужо да 2030 года.

На нядаўніх парламенцкіх выбарах у Малдове большасць галасоў атрымала праеўрапейская "Партыя дзеяння і салідарнасці", куды ўваходзіць і прэзідэнтка краіны Мая Санду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.