Сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі загінуў за Расію

Іван Ус / архіўнае фота
На вайне супраць Украіны загінуў 28-гадовы Іван Ус — сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Дзмітрыя Уса.
Калісьці Іван Ус узначальваў рух "Антымайдан Мінск", у 2020‑м адседзеў "суткі" за пратэсты супраць Лукашэнкі. Ваяваць за Расію ён адправіўся на пачатку 2025-га і, як піша "Наша Ніва", на фронце пратрымаўся вобмаль часу.
Кантракт з расійскім войскам Іван Ус падпісаў 17 студзеня 2025 года. Паводле звестак выдання, загінуў ён прыкладна ў канцы зімы ці на самым пачатку вясны — дакладная дата невядомая.
Яго бацька Дзмітрый Ус валодае картаграфічным бізнэсам. Сын працаваў у бацькі.
Дзмітрый Ус выстаўляў сваю кандыдатуру на выбарах 2010 года і ішоў у звязцы з Міколам Статкевічам. Уса зарэгістравалі кандыдатам. Паводле афіцыйных звестак, абвешчаных Лідзіяй Ярмошынай, за яго прагаласавалі 25 тысяч чалавек (менш за 0,4%). Як і іншых кандыдатаў, Уса арыштавалі, а потым прысудзілі пяць з паловай гадоў калоніі. Тэрмін ён адбываў у Шклове, на волю выйшаў праз пяць месяцаў па памілаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.