Праз моцную эканоміку: як вярнуць тэрыторыі, захопленыя Расіяй

Як Украіне вярнуць акупаваныя тэрыторыі

Як Украіне вярнуць акупаваныя тэрыторыі / Коллаж hromadske

Па выніках мірных перамоваў Украіна, імаверна, будзе вымушаная адмовіцца ад вяртання акупаваных тэрыторый сілай і засяродзіцца на дыпламатычным шляху дэакупацыі. У гісторыі ёсць некалькі прыкладаў паспяховага вырашэння тэрытарыяльных пытанняў без ваеннага ўмяшання. Але ці можна пераняць гэты досвед і прымяніць яго не толькі для дэакупацыі ўкраінскіх тэрыторый, але і акупаваных Расіяй земляў іншых краін? Разбіралася hromadske.

Нямецкі сцэнар для Малдовы і Грузіі

Журналіст і былы прэс-аташэ амбасады Грузіі ва Украіне Бачо Карчылава мяркуе, што самы эфектыўны спосаб вяртання Абхазіі і Паўднёвай Асетыі — гэта паўтарэнне нямецкага сцэнару аб'яднання ФРГ і ГДР.

Паводле ягоных слоў, рэінтэграцыя павінна грунтавацца перш за ўсё на эканамічным росце.

"Грузія, як і Украіна, не адмовіцца ад сваіх акупаваных тэрыторый. Але трэба разумець, што развязанне гэтага пытання — гэта не справа трох, пяці ці нават дзесяці гадоў", — адзначае Карчылава.

Через сильную экономику: как вернуть территории, захваченные Россией
Бачо Карчылава / hromadske

На думку эксперта, эканамічная моц з'яўляецца ключавым фактарам вяртання страчаных тэрыторый.

"Калі ФРГ аб'яднала Германію, яна была гатовая: моцная эканоміка, развітая армія, магутная дыпламатыя. Таму калі Грузія хоча вярнуць свае тэрыторыі, трэба будаваць моцную дзяржаву з канкурэнтаздольнай эканомікай", — адзначае Карчылава.

Журналіст падкрэслівае, што рэінтэграцыя акупаваных тэрыторый — гэта пытанне не толькі вяртання тэрыторый, але і гатоўнасці дзяржавы забяспечыць іх развіццё.

"Мы павінны разумець, што заўтра нам могуць вярнуць гэтыя тэрыторыі, і мы павінны быць гатовыя. Яны зараз закінутыя, эканамічна слабыя, без кваліфікаваных кадраў, з пастаяннымі праблемамі. Калі Грузія не будзе гатовая да рэінтэграцыі, яна проста атрымае велізарны цяжар", — тлумачыць ён.

Дэпутат парламента Рэспублікі Малдова Аазу Нантой таксама лічыць, што вырашэнне прыднястроўскага канфлікту немагчымае без эканамічнага ўмацавання краіны. Ён адзначае, што цяперашні стан самаабвешчанай "Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі" ў значнай ступені залежаў ад бясплатнага расійскага газу, карупцыйных схем і кантрабанды. Цяпер, калі гэтыя рэсурсы абмежаваныя, рэгіён апынуўся ў стане эканамічнага калапсу.

Через сильную экономику: как вернуть территории, захваченные Россией
Аазу Нантой / hromadske

"З 1 студзеня "Газпрам" афіцыйна спыніў пастаўкі газу на левы бераг. Гэта азначае канец "халявы", якая існавала прынамсі з 2006 году. У выніку — сур'ёзны крызіс для эканомікі "Прыднястроўя"", —  кажа Нантой.

На думку дэпутата, "Прыднястроўе" не мае жыццяздольнай эканамічнай асновы. Дэфіцыт бюджэту непрызнанага ўтварэння ў 2024 годзе складае 60,4%, і гэты недахоп пакрываўся на сродкі расійскіх субсідый. У той жа час многія прадпрыемствы ў рэгіёне зарэгістраваныя ў Кішынёве як малдаўскія кампаніі, што дазваляла ім гандляваць з Еўрасаюзам і атрымліваць выгаду без выплаты падаткаў у Малдоўскі бюджэт.

"Толькі з 1 снежня 2024 года мы прымусілі іх выплачваць мытныя пошліны", — расказвае Нантой.

Акрамя эканамічнага аспекту, ён адзначае неабходнасць прававой рэформы і барацьбы з карупцыяй у дзяржаўных структурах Малдовы, паколькі прадстаўнікі "прыднястроўскага" рэжыму доўгі час аказвалі ўплыў на малдоўскіх чыноўнікаў, што ўскладняла працэс аб'яднання краіны.

"Перш чым інтэграваць "Прыднястроўе", нам неабходна стварыць эфектыўную прававую і эканамічную сістэму ў Малдове. Гэта стане прыкладам для жыхароў акупаванай тэрыторыі", — падкрэсліў дэпутат.

Нантой таксама звяртае ўвагу на страх і рэпрэсіўныя метады, якімі кіруецца ўлада ў непрызнаным "Прыднястроўі". Нягледзячы на гэта, паводле яго слоў, больш за 356 тысяч жыхароў акупаванай тэрыторыі ўжо атрымалі грамадзянства Малдовы, што сведчыць аб іх рэальнай зацікаўленасці ў вяртанні ў склад краіны.

"Людзі з "Прыднястроўя" шукаюць магчымасці для лепшага жыцця. Многія выязджаюць працаваць на правы бераг Малдовы, таму што тут перспектывы значна лепшыя. А значыць, наша задача зрабіць Малдову яшчэ мацнейшай, і тады пытанне рэінтэграцыі вырашыцца само сабой", — рэзюмаваў Нантой.

Дыпламатыя як шлях да вызвалення Чачні

Былы прэс-сакратар чачэнскага батальёна імя Шэйха Мансура, які ваюе на баку Украіны, Іслам Белакіеў не выключае дыпламатычны шлях вызвалення Чачні, аднак кажа, што для яго рэалізацыі неабходны магутны эканамічны і палітычны ціск захаду на Расію.

"Дыпламатычны варыянт магчымы, але важна мець рэальны ўплыў. Калі здушаны бок не атрымае сілы — ваеннай ці хаця б палітычнай, — наўрад ці можна будзе вырашыць такія пытанні выключна дыпламатыяй", — адзначае Белакіеў.

Через сильную экономику: как вернуть территории, захваченные Россией
Іслам Белакіеў / hromadske

"Акупанты павінны адчуць на сабе каласальны ціск, з якім не змогуць справіцца. У адваротным выпадку мы можам толькі ілюзорна спадзявацца, што ў Расіі прачнецца сумленне, і яна сыдзе сама. Але так не бывае, асабліва з такімі краінамі, чый лад жыцця і існавання пабудаваны на прыгнёце больш слабых", — кажа Белакіеў.

Ён лічыць, што для вызвалення акупаваных тэрыторый Украіны неабходная пераможная армія, ядзерны шчыт і падтрымка агульнаеўрапейскай саюзніцкай арміі.

"Але з Ічкерыяй усё значна складаней, паколькі ў яе няма такіх хаўруснікаў, а галоўнае — няма міжнароднага прызнання", — кажа былы прэс-сакратар чачэнскага батальёна. 

Разам з тым, Белакіеў падкрэслівае, што сітуацыя можа змяніцца, калі еўрапейцы на ўласным досведзе зразумеюць пагрозы "рускага свету":

"Тады не выключана, што ЕС прызнае Ічкерыю, і чачэнцы атрымаюць больш дыпламатычных рычагоў. У адваротным выпадку вызваленне магчыма толькі пры распадзе Расіі ці маштабным паўстанні на Паўночным Каўказе. Але і тут неабходная палітычная, ваенная, эканамічная і інфармацыйная падтрымка трэціх краін". 

А што для Украіны?

Аналізуючы магчымыя варыянты мірнага вяртання тэрыторый, украінскі гісторык Сяргей Граменка згадвае, у прыватнасці, ізраільска-егіпецкую мадэль вяртання Сінайскага паўвострава. 

"Дыпламатычны шлях вяртання акупаваных тэрыторый існуе. Да прыкладу, Ізраіль вярнуў Сінайскі паўвостраў Егіпту ў абмен на мірнае пагадненне і гарантыі бяспекі. Але не Украіна напала на Расію, а Расія — на Украіну. А гэта мяняе правілы гульні", —  тлумачыць Граменка.

Са слоў Граменкі, нават калі Масква тэарэтычна магла б пайсці на пагадненне аб вяртанні часткі тэрыторый у абмен на пэўныя саступкі з боку Кіева, для Украіны гэта стварыла б яшчэ большыя пагрозы.

"Ці варта нам разглядаць сцэнар, дзе Украіна атрымлівае свае землі, але адмаўляецца ад уступлення ў NATO або дэмілітарызуе пэўныя рэгіёны? Ці будзе гэта гарантыяй бяспекі, калі побач застаецца агрэсіўны сусед? Гэта пытанне без простага адказу", — падкрэслівае гісторык.

Граменка таксама аналізуе сцэнар аб'яднання Германіі, які лічыць больш рэлевантным для Украіны.

"Усходняя Германія была фактычна акупаваная Савецкім Саюзам, але затым аб'ядналася з ФРГ пасля падзення камуністычнага рэжыму. Савецкі Саюз вывеў свае войскі не па добрай волі, а праз уласны калапсу. Таму галоўны фактар, які можа прымусіць Расію адступіць, — гэта крызіс і дэзінтэграцыя яе ўлады", — кажа Граменка.

На думку гісторыка, без падзення рэжыму ў Маскве дыпламатычны шлях вяртання ўкраінскіх тэрыторый амаль немагчымы.

"Расія адступіць толькі тады, калі ейныя ўнутраныя праблемы стануць крытычнымі. Калі ў Крамлі пачнецца чарговая смута, унутраная барацьба ці эканамічная катастрофа, тады мы зможам разлічваць на дыпламатычнае рашэнне. Пакуль жа там захоўваецца стабільнасць, яны добраахвотна нам гэтыя тэрыторыі не вернуць, — лічыць Граменка і працягвае. — Я не хачу, каб украінскія чытачы ў пэўным сэнсе ашукваліся, што дыпламатычны шлях існуе — ён можа расцягнуцца на 40 гадоў".

Через сильную экономику: как вернуть территории, захваченные Россией
Сяргей Граменка і Уладзімір Агрызка / hromadske

У той жа час былы міністр замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка лічыць, што пытанне вяртання акупаваных тэрыторый можа вырашыцца значна хутчэй, асабліва з прычыны магчымай змены ўлады ў Расіі.

"Пра дзясяткі гадоў, я думаю, наогул гаворка не можа ісці. Пуцін дзясяткі гадоў ужо не працягне, нават фізічна. А змена ўлады ў Крамлі традыцыйна азначае паслабленне гэтай улады. Нават проста фізічная ліквідацыя Пуціна будзе азначаць сур'ёзныя праблемы ў Федэральным цэнтры", — адзначае дыпламат.

Ён дадае, што змена ўлады ў Расіі можа прывесці да дэзінтэграцыі: "Калі там пачынаюцца праблемы, рэгіёны вельмі хутка арыентуюцца, хто ўцячэ першым. А гэта будзе азначаць і адпаведны працэс распаду, які так ці інакш чакае Расію, тут няма ніякага сумневу".

У той жа час дыпламат адзначае, што сітуацыя з Украінай унікальная, і ні адзін з гістарычных сцэнароў вяртання тэрыторый не выкарыстоўваецца і ў дачыненні ў чыстым выглядзе. Ёсць тры варыянты развязання сітуацыі, якія, на ягоную думку, могуць быць рэалізаваныя яшчэ да змены ўлады ў Расіі. 

Першы — гэта прызнанне светам акупаваных тэрыторый часткай Украіны і яе правамернасць удараў па іх: "Украінскія сілы абароны абсалютна нармальна могуць біць па расійскіх аперацыйных войсках на тэрыторыі Украіны. Гэта ўключае Крым, Данецкую і Луганскую вобласці і іншыя тэрыторыі, якія пакуль што знаходзяцца пад расійскай акупацыяй. Вось вам першы крок да аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці".

Другі варыянт — эканамічныя санкцыі ў спалучэнні з вайсковымі дзеяннямі, якія прымусяць Пуціна адступіць.

І трэці — стварэнне новай сістэмы еўрапейскай бяспекі: "Украіна, аб'яднаўшыся са сваімі еўрапейскімі суседзямі, партнёрамі і саюзнікамі, не з усімі, вядома, створыць новую сістэму еўрапейскай бяспекі, якая будзе цалкам выразна і ясна казаць Пуціну, што любыя будучыя спробы захапіць чыюсьці тэрыторыю атрымліваюць каласальны адказ". 

"Вось варыянты, якія ўжо цяпер ляжаць на стале. Якія выберуць? Магчыма, усе разам, магчыма, па чарзе, ці нейкім іншым спосабам, але ўсе яны ёсць. І я думаю, што камбінацыя гэтых усіх рэчаў дасць нам магчымасць паступова, але адкінуць Расію на тыя тэрыторыі, якія яна пакуль што мае як цэласная дзяржава", — дадаў Агрызка.

Святлана Гудкова, матэрыял створаны пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.