“Мая вера ў сістэму адноўлена”: суд у Польшчы адмяніў дэпартацыю беларускі
Прысутныя на пасяджэнні 24 кастрычніка / Euroradio
Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве адмяніў рашэнні аб дэпартацыі ў Літву і спыненні працэдуры надання міжнароднай абароны беларускай палітзняволенай Наталлі Падлеўскай.
24 кастрычніка адбыўся разгляд яе скаргі. Пасяджэнне было адкрытае, прыйшло больш за два дзясяткі чалавек, у тым ліку, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці і медыя.
— Мы вельмі задаволеныя гэтым рашэннем Ваяводскага адміністрацыйнага суда. Перш за ўсё, вялікі дзякуй адвакату за ўдзел у гэтай справе, за абарону палітычнай зняволенай рэжыму Лукашэнкі — жанчыны, якая пацярпела яшчэ і ад польскай дзяржавы. Мая вера ў сістэму адноўлена, — сказала пасля рашэння суда прысутная на пасяджэнні дэпутатка Еўрапарламента Малгажата Гасеўска, якая ўзначальвае дэлегацыю па супрацоўніцтве з Беларуссю.
Дэпутатка дадала, што гэта вельмі важнае рашэнне, бо “ў межах Дублінскай працэдуры ўжо ёсць шэраг заявак, і гэта мела адбывацца аўтаматычна, а сёння — мы гэта спынілі”.
Адвакат Наталлі Олаф Шчыпіньскі адзначыў, што звычайна падставай для адмены рашэння Савета па справах бежанцаў з'яўляецца тое, што яны былі вынесены занадта хутка.
— Гэта відавочна з абгрунтавання рашэння, што некаторыя элементы, якія суд палічыў важнымі, а менавіта, у першую чаргу, сямейныя адносіны — а спадарыня Наталля мела і мае з маці і дачкой — не былі належным чынам вызначаны і ацэнены органам, які вынес адмоўнае рашэнне, і фактычна пазбавіў спадарыню Наталлю права на разгляд яе заявы на тэрыторыі Польшчы, хоць у яе ёсць гуманітарныя і сямейныя прычыны для надання ёй міжнароднай абароны ў Польшчы.
— Такім чынам, гэтыя абставіны сведчаць аб тым, што абскарджанае рашэнне павінна быць выключана з судовага разбору. Аналагічным чынам пры разглядзе справы ўлада будзе абавязана больш падрабязна разгледзець індывідуальную сітуацыю заяўніка, яго просьбы і, у выпадку сумневаў запытаць дадатковыя тлумачэнні, — заявіла суддзя.
У каментары Еўрарадыё адвакат Наталлі Олаф Шчыпіньскі яшчэ раз звярнуў увагу на тое, як Наталля была дэпартавана. Беларуска не мела часу сабраць рэчы, на яе начапілі кайданкі, у яе забралі тэлефон, а ноч перад дэпартацыяй яна правяла ў адной камеры з двума невядомымі мужчынамі.
Паводле адваката, цяпер вяртанне Наталлі будзе залежыць ад літоўскіх уладаў: ці выпусцяць яе з рэгістрацыйнага цэнтра для замежнікаў.
Малгажата Гасеўска дадала, што ўмешваецца ў гэтую справу, як дэпутатка Еўрапарламента.
— Спадзяюся, што мы атрымаем з іх боку разуменне, тым больш, што літоўскія ўлады выдатна ведаюць, як былыя вязні Лукашэнкі пазбягаюць небяспекі, звязанай з знаходжаннем на тэрыторыі Беларусі. Літва звычайна з'яўляецца першай краінай, першай мяжой, якую перасякаюць гэтыя людзі, незалежна ад таго, куды яны ў рэшце рэшт хочуць паехаць. Працэдура атрымання візы ў Польшчу ў польскіх установах займае месяцы, таму чаканне абсалютна немагчымае для тых, хто выходзіць з турмаў Лукашэнкі. Літва — першая краіна ў Еўрапейскім Саюзе, але іх канчатковы пункт прызначэння звычайна Польшча. Яны не могуць быць абмежаваныя ў сваёй магчымасці жыць тут, асабліва калі ў іх тут сям'я, і яны часта маюць польскае паходжанне.