У Польшчы расказалі пра справу шпіёна з Мінабароны, які ездзіў у РБ

Шпіянаж, ілюстрацыйнае фота

Шпіянаж, ілюстрацыйнае фота

Шпіён, які працаваў на адну з "усходніх краін" і быў нядаўна затрыманы, служыў у Міністэрстве абароны з 1990-х гадоў. Пра гэта ў інтэрв'ю польскаму інфармагенцтву PAP расказаў кіраўнік польскай Службы вайсковай контрразведкі генерал Яраслаў Стружык.

Паводле яго, абвінавачаны ў шпіянажы чыноўнік працаваў у найважнейшых дэпартаментах Міністэрства, займаючыся стратэгіяй, абаронным планаваннем і міжнароднай бяспекай. Стружык удакладніў, што падазраваны скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, а потым працаваў у розных падраздзяленнях, у тым ліку і ва ўпраўленнях Генштаба. Па сваёй працы ён таксама ездзіў за мяжу, у тым ліку на працяглы час, і прымаў удзел у разнастайных важных канферэнцыях.

"Такім чынам, мы маем справу з чалавекам, які за гэтыя гады пазнаёміўся з тысячамі людзей, уключаючы тых, хто займае ключавыя пасады", — падсумаваў кіраўнік контрразведкі. Акрамя таго, затрыманы чыноўнік меў доступ да сакрэтных матэрыялаў, бо прайшоў праверку контрразведкі ў 2021 годзе.

Стружык назваў поспехам выкрыццё шпіёна і заявіў, што некаторыя публікацыі ў прэсе прыніжаюць гэты поспех. У прыватнасці, ён згадаў пра тое, што падазраванага нібыта раскрылі, калі ён затрымаўся на тэрыторыі Беларусі.

"У сваю чаргу, распаўсюджаная некаторымі парламентарамі версія пра тое, што гэты чалавек быў знойдзены кадравымі службамі Міністэрства нацыянальнай абароны, калі ён не вярнуўся з паездкі ў Беларусь, з'яўляецца праявай неапраўданай дыскрэдытацыі гэтай справы і, перш за ўсё, непавагай да карпатлівай і шматгадовай працы маіх падначаленых, аператыўных афіцэраў і аналітыкаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай справе", — падкрэсліў ён.

Гаворачы пра паездку ў Беларусь, кіраўнік контрразведкі нагадаў, што затрыманы быў грамадзянскім службоўцам, а ім закон не забараняе выязджаць з Польшчы. Разам з тым ён прапанаваў увесці абмежаванні для асоб, якія займаюць важныя пасады.

Пра затрыманне шпіёна стала вядома 3 лютага. Пазней з'явілася інфармацыя, што мужчына ездзіў у Беларусь і не мог вярнуцца ў Польшчу, калі была цалкам закрытая мяжа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.