Служба дзяржбяспекі Латвіі расказала пра дзейнасць спецслужбаў Лукашэнкі

Латвія, ілюстрацыйнае фота

Латвія, ілюстрацыйнае фота / vid.gov.lv

Асноўнымі спецслужбамі, якія дзейнічаюць на "латвійскім кірунку" з Беларусі, з'яўляюцца Камітэт дзяржбяспекі і Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генштаба. Пра гэта гаворыцца ў гадавой справаздачы Службы дзяржбяспекі Латвіі.

Сярод кірункаў дзейнасці беларускіх спецслужбаў у СГБ Латвіі называюць дэзінфармацыю і падтрымку нелегальнай міграцыі. У якасці прыкладаў дэзінфармацыі называецца распаўсюд ілжывай інфармацыі пра нібыта "парушэнні правоў чалавека" і "жорсткае абыходжанне" з мігрантамі з боку латвійскіх памежнікаў.

Лукашэнкаўская прапаганда заяўляла аб росце "беларусафобіі" ў Латвіі. Пры гэтым адначасова ў Латвіі прапагандаваўся медыцынскі турызм у Беларусь, а таксама культурніцкія і спартовыя мерапрыемствы ў РБ. "Вышэйзгаданыя дзеянні варта разглядаць як спробы Беларусі палепшыць свой імідж у латвійскім грамадстве і заахвоціць некрытычна настроеных латвійскіх грамадзян да паездак у гэтую краіну, тым самым неўсвядомлена падвяргаючы сябе высокай рызыцы разведкі і вярбоўкі", — канстатуюць у СГБ.

Таксама ў СГБ кажуць, што КДБ збірае звесткі пра палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі і звяртаецца праз месенджары да прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Паведамляецца, што аб'ектамі вярбоўкі выбіраюць людзей, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, але рэгулярна наведваюць Латвію або іншыя краіны NATO або Еўрасаюза.

Летась пры ўездзе ў Латвію пад паглыбленыя апытанні і праверкі трапілі больш як пяць тысяч чалавек. Пасля гэтага ва ўездзе ў краіну адмовілі 1764 замежнікамі, у тым ліку 297 грамадзянам Беларусі. Прычынамі такіх адмоваў называюцца ў тым ліку падтрымка расійскай агрэсіі супраць Украіны, наяўнасць службы ў сілавых структурах Беларусі ці Расіі.

Таксама летась 53 беларусы атрымалі адмову ў выдачы віз. 16 нашым суайчыннікам адмовілі ў выдачы дазволу на жыхарства.

139 замежнікаў трапілі ў "чорны спіс", як пагроза нацбяспецы. Сярод іх — чацвёра грамадзян Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.