Маці Кяцярыны Ваданосавай могуць дэпартаваць з Польшчы

Маці Кяцярыны Ваданасавай могуць дэпартаваць з Польшчы / @KaciarynaVadanosava
Маці Кацярыны Ваданосавай могуць дэпартаваць з Польшчы. Пра гэта спявачка і тэлевядучая напісала на сваёй старонке ў Facebook.
Кацярына піша, што больш за год таму да яе маці ў Беларусі прыйшло КДБ. У іх жа прысутнасці ў жанчыны здарыўся інфаркт. Тады было прынята рашэння з'язджаць.
— Польшча не давала візы. Кожны дзень я пачынала з ліставання. Пісала ўсім і ўсяму. Ніводнага адказу не дачакалася. А справа была пільная. Эвакуацыю праз лясы і балоты маці б не перажыла: ёй 74 гады, яна па інфаркце, амаль не ходзіць, праблемы з сэрцам, ціскам, нагамі, сасудамі, цукрам, вачыма — усім, — піша Кацярына.
З дапамогай праваабаронцаў удалося выбіць літоўскую візу. Па ёй жанчына ўехала адразу ў Польшчу, каб пазбегнуць Дублінскага пратакола.
— Мы падалі маці на міжнародную ахову. Рашэнне — высылка ў Літву, маўляў, літоўская віза. Ані на ўзрост, ані на хваробы, ані на мой рак, ані на адсутнасць хоць каго ў Літве, ані на тое, што мая маці ўжо 35 гадоў удава, і мы — яе адзіная сям’я, і гатовыя яе ўтрымліваць, — не паглядзелі. Ctrl c — ctrl v — адмова пад капірку.
Пасля гэтага Кацярына з мамай падалі апеляцыю, але вынік зноў быў адмоўны. Прычым, па яе словах, з памылкамі ў прозвішчы і сказамі па-ўкраінску.
— Мы зноў апелявалі і звярнуліся ў апошнюю інстанцыю — у суд. Я маўчу, колькі гэта здароўя каштуе (грошай таксама, але грошы — пыл).
Суд прызначаны на 28 кастрычніка. А сёння да нас у чарговы раз прыйшлі стражы гранічныя, і пад подпіс уручылі маці апавяшчэнне, што яе самалётам дэпартуюць у Літву. 6 кастрычніка. І яна падпісала, не разумеючы нават, што падпісвае. Мужчыны, што прынеслі ліст, не растлумачылі нічога. Нават я не зразумела, хаця была побач. Можаце зараз уявіць стан мамы. Увогуле, за апошні год, згубіўшы ўсё сваё папярэдняе жыццё, яе здароўе пагоршылася настолькі, што я яе часам не пазнаю. Гэта выклікае мой вялікі страх.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў зварот да галоўнага каменданта Памежнай стражы Польшчы з просьбай устрымацца ад дэпартацыі з Польшчы ў Літву маці Кацярыны Ваданосавай.
Латушка таксама накіраваў зварот аналагічнага зместу ў адрас кіраўніка Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томаша Цытрыновіча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.