Візіт Ціханоўскай у Арменію адмянілі, калі Літва зняла ахову за мяжой — СМІ

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Паездку Святланы Ціханоўскай у Арменію адмянілі пасля таго, як Літва адмовілася прадаставіць ёй ахову за мяжой. Пра гэта пішуць літоўскія СМІ.

"Так, магу пацвердзіць, што нам давялося прыняць няпростае рашэнне адмяніць даўно запланаваны, першы ў гісторыі візіт у Арменію на пленарнае пасяджэнне Euronest. Гэты візіт мог бы стаць важным крокам ва ўмацаванні супрацоўніцтва і пашырэнні нашай агульнай еўрапейскай перспектывы", — пацвердзіў журналістам дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Паводле яго, Офіс Ціханоўскай спадзяваўся на ахову хаця б у краінах з высокім узроўнем рызыкі, "але, на жаль, гэтага не адбылося". Тым не менш ён падкрэсліў, што не крытыкуе рашэнне ўрада Літвы, а Офіс Ціханоўскай удзячны літоўскім уладам за аказаную дапамогу.

Тым часам у МЗС Літвы заявілі, што дыпмісія гэтай краіны ў Арменіі гатовая аказаць усю неабходную падтрымку падчас візіту.

Euronest — адна з асноўных платформаў супрацоўніцтва паміж дэпутатамі Еўрапарламента і парламентарыямі краін Усходняга партнёрства.

На пачатку кастрычніка Літва перадала ахову Ціханоўскай і яе офіса з юрысдыкцыі Службы аховы дзяржавы ў крымінальную паліцыю. Гэта патлумачылі зніжэннем узроўню небяспекі для лідаркі беларускіх дэмсілаў. Аднак у выніку, як паведамлялася ў СМІ, Ціханоўская і яе офіс засталіся ўвогуле без аховы і былі вымушаныя наняць аднаго прыватнага ахоўніка. 17 кастрычніка стала вядома, што Літва часова вярнула Офісу Ціханоўскай найвышэйшы ўзровень аховы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.