Беларусь за 30 гадоў страціла больш за 40% школ

Школа, ілюстрацыйнае фота

Школа, ілюстрацыйнае фота / minsknews.by

За апошнія 30 гадоў колькасць школ у Беларусі скарацілася на 43%. У 1994 годзе іх было 4973, а да 2024-га засталося 2848. На такія звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта звярнуў увагу тг-канал "Нашы грошы".

Варта дадаць, што закрываліся пераважна вясковыя школы з невялікай колькасцю вучняў.

Колькасць дзіцячых садкоў за гэты ж перыяд панізілася на 21% — з 4693 да 3721.

"Так, нараджальнасць знізілася, але дэмаграфіяй усё не растлумачыць. Сетка адукацыйных устаноў скарачаецца хутчэй, чым памяншаецца колькасць дзяцей. І гэта датычыць не толькі вёсак, з якіх з'язджаюць сем'і, але і гарадоў, дзе бацькі гадамі чакаюць месца ў дзіцячым садку або вымушаныя вазіць дзяцей праз паўгорада", — адзначаюць эксперты канала.

Апошнія дзесяць гадоў у Беларусі фіксуецца пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі. У 2024 годзе быў зарэгістраваны гістарычны мінімум нараджальнасці — за год у краіне нарадзілася 59 тысяч дзяцей. Гэта самы нізкі паказчык з 1950 года, калі ў Беларусі пачалі весці гэтую статыстыку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.