Вакцыны, якія планавалі выпускаць у Віцебску, Лукашэнка назваў пустым абяцаннем
Укол, ілюстрацыйнае фота
Віцебская вобласць "проста патанула ў масе пустых абяцанняў", якія так і не спраўдзіліся. Пра гэта з абурэннем заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 24 кастрычніка.
Сярод нерэалізаваных абяцанняў ён назваў планы па развядзенні чырвоных кароў на ферме "Вусце" Нацыянальнай акадэміі навук, выпуск айчынных вакцын ад каранавіруса, а таксама Аршанскі мясакансервавы камбінат.
Лукашэнка заявіў, што за пяць гадоў аб'ём прамысловай вытворчасці ў вобласці скараціўся да 98% пры тым, што па краіне адзначаецца рост да 114%.
"Ужо просіце дзяржпадтрымку нават знакамітаму "Белвесту" ("эфектыўны інвестар" пакінуў 300 млн рублёў запазычанасцяў і не ведае, што рабіць). А праз дарогу — "Марка". Працуе. Чаму да яго не звярнуцца: "Падкажы, што за праблема?" — прыводзіць БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Айчынную вакцыну ад каранавіруса планавалі выпускаць на прадпрыемстве "БелВітуніфарм". Лукашэнка прыязджаў туды ў жніўні 2021-га, сустракаўся з кіраўніцтвам. Пасля гэтага ён падпісаў указ пра інвестыцыйны праект па вырабе айчыннай вакцыны супраць COVID-19. А на нарадзе ў жніўні 2025-га ўжо абураўся правалам праекта.