Ці можа Лукашэнка кіраваць Беларуссю, быццам 2020 года не было?

Ці здольны Лукашэнка на трансфармацыю?

Ці здольны Лукашэнка на трансфармацыю? / Скриншот видео

— Я не ведаю, ці можа Лукашэнка сёння ўявіць сабе, як кіраваць краінай так, быццам не было гэтых пяці гадоў — з 2020-га па 2025-ы, — задаецца пытаннем у эфіры Еўрарадыё дырэктар даследчых праграм Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас.

Эксперт нагадвае, што калісьці ў Лукашэнкі існаваў сацыяльны кантракт з беларусамі, які можна было сфармуляваць проста — “чарка і шкварка”.

— Мінімальны дастатак, але роўнасць. Без алігархаў, без выклічнай раскошы. Гэта людзям падабалася. Але той сацыяльны кантракт скончыўся даўно, задоўга да 2020 года, — нагадвае Мошас.

— Цяпер Лукашэнка, магчыма, спрабуе вярнуцца да таго вобразу, якім быў раней: ездзіць па гаспадарках, заходзіць у кароўнікі, гучна дакарае людзей, паказвае, што ён — “кіраўнік на месцы”, які асабіста сочыць за гноем, бульбай і іншымі справамі. Раней гэта ўражвала, але сёння, думаю, ужо не, — лічыць эксперт Еўрарадыё.

— Я не ўпэўнены, што Лукашэнка ведае, як зрабіць для сябе новую метамарфозу і паўстаць у нейкім іншым вобразе. Калі ж ён паспрабуе “паслабіць гайкі” і вярнуцца да ранейшай мадэлі — непазбежна, рана ці позна, пачнецца дэстабілізацыя ў грамадстве. І, думаю, ён гэта добра разумее, — упэўнены Аркадзь Мошас.

Ці дапаможа трансфармацыі Аляксандра Лукашэнкі нарэшце абвешчаная на 18–19 снежня сесія Усебеларускага народнага сходу? Аркадзь Мошас называе яе “дваццаць пятым колам”.

— Што да Усебеларускага сходу, то гэта ўжо не проста “пятае кола ў вазку”, а хутчэй дваццаць пятае. Калісьці яго задумвалі як дадатковы тормаз, страхавальную сетку, але цяпер мы бачым, як часта — у двукоссі — гэты орган збіраецца. Відавочна, што сур’ёзнай ролі ў кіраванні краінай ён не адыгрывае і наўрад ці калі-небудзь будзе адыгрываць, — падсумаваў эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.