Мне паглядзелі ў вочы і сказалі, што не ведалі пра смерць мамы — Казлоў

Мікалай Казлоў улетку 2024 года пасля вызвалення / асабісты архіў
Старшыня АГП Мікалай Казлоў нядаўна пакінуў Беларусь, хаця вызваліўся больш за год таму — 22 ліпеня 2024 года.
У інтэрв'ю выданню "Зеркало" ён патлумачыў, што раней у яго былі хатнія справы (пакуль Казлоў быў за кратамі, у яго памерла маці). А галоўнай прычынай ён назваў нежаданне з'язджаць.
Пры гэтым Казлоў, у якога за плячыма былі ўжо два палітычныя суды за апошнія пяць гадоў, кажа, што з'явілася адчуванне, быццам яго рыхтуюцца зноў пасадзіць. "А трэці раз ісці ў турму — гэта перабор, на маю думку", — каментуе экс-палітвязень.
Экс-палітвязень кажа, што з боку асуджаных у калоніі не адчуваў да сябе кепскага стаўлення за тое, што раней служыў у міліцыі. У атрадзе ён быў меншую частку тэрміну, а большую правёў ў штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ). А вось адміністрацыя і ахова ставіліся да яго крыху горш, чым да іншых палітвязняў: "Таму што ў іх разуменні я, напэўна, быў здраднікам".
Казлоў адзначае, што ў зняволенні ў яго пагоршала здароўе: абвастрыліся старыя хваробы і дадаліся новыя праблемы. "Упершыню ў санчастку я трапіў ужо на другі дзень у калоніі — быў высокі ціск. Пакуль там ляжаў, на мяне "навесілі" кучу ўсякіх парушэнняў. Я ўвесь час у іх пытаўся: "Пачакайце, у мяне пасцельны рэжым, я ляжу ў санчастцы адзін, але ў мяне пяць парушэнняў. Як такое магчыма?" Гэта нікога не збянтэжыла, і мяне з санчасткі адправілі наўпрост у ШІЗА, як толькі аднавілі ціск і здароўе больш-менш. Такое дэманстратыўнае, цынічнае і подлае стаўленне мяне глыбока закранула, і я адмовіўся ад ежы", — згадвае ён.
Вязень не еў 12 дзён, пакуль у яго не здарыўся збой сардэчнага рытму і ён не мог стаяць. пасля гэтага яго зноў адправілі ў санчастку.
Паводле ацэнак Казлова, у калоніі было шмат палітвязняў: "У нас у атрадзе адсоткаў 10, можа 12". Ён згадвае, што ў 2023-м сустракаў Аляксандра Фядуту, хаця той быў і ў іншым атрадзе. Фядуту нельга працаваць па стане здароўя, але яго ўсё адно ганяюць на прамзону, дзе ён сядзіць і чакае: "Хоць усе, каму па стане здароўя нельга працаваць, заставаліся ў атрадзе. Напэўна, Фядута адзіны на ўсю зону, з кім так рабілі".
У сакавіку 2023 года ў Казлова памерла маці. Аднак адміністрацыя калоніі не толькі не адпусціла яго на пахаванне, але і не паведаміла яму: "Яны проста паглядзелі мне ў вочы і сказалі: "Ой, а мы не ведалі, што ў вас мама памерла".
Пра смерць маці ён даведаўся толькі ад сястры, калі тая прыехала ў калонію на спатканне.
Казлоў кажа, што пасля выхаду з калоніі людзям, асуджаным "за палітыку", практычна немагчыма ўладкавацца на працу ў Беларусі: "Ніхто не хоча рызыкаваць ні сваім бізнэсам, ні сваёй пасадай. Адзін з маіх знаёмых, чалавек высокай кваліфікацыі, пасля доўгіх-доўгіх пошукаў змог уладкавацца толькі грузчыкам у краму. І то толькі таму, што там была вялікая патрэба ў такіх супрацоўніках. Інакш яго і не ўзялі б".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.