Пасля адкрыцця беларуска-польскай мяжы Кітай не цалкам аднавіў транзіт праз яе

Грузавы цягнік на беларуска-польскай мяжы / Strazgraniczna.pl
Кітай не ў поўнай меры аднавіў чыгуначныя пастаўкі праз беларуска-польскую мяжу пасля яе 13-дзённага закрыцця. Як заўважылі польскія СМІ, хутчэй за ўсё адпраўнікі выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя маршруты для кантэйнерных перавозак.
Як піша MOST, да закрыцця мяжы праз чыгуначныя памежныя пераходы на беларуска-польскай мяжы за два тыдні ў Польшчу паступала больш за 7 тыс. кантэйнераў.
Пасля адкрыцця за першыя два тыдні працы прайшло менш за 5,6 тыс. кантэйнераў, а за другія два тыдні — крыху больш за 4,8 тыс. кантэйнераў. Амаль тры чвэрці гэтага аб'ёму складае транзіт кітайскіх тавараў на захад.
У Польшчы мяркуюць, што пасля закрыцця мяжы кітайцы перанакіравалі маршруты паставак у Еўропу: яны сталі больш актыўна выкарыстоўваць так званы "Палярны Шаўковы шлях", які абыходзіць Расію з поўначы.
Польска-беларуская мяжа была цалкам закрытая з 12 па 22 верасня 2025 года, у тым ліку для грузавых чыгуначных перавозак. Фармальнай падставай для гэтага афіцыйная Варшава назвала беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні "Захад-2025".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.