Беларусаў з-за мяжы выклікаюць на дактыласкапію
Адбітак пальца / pixabay.com
Ад пачатку кастрычніка мужчын у Беларусі актыўна запрашаюць у міліцыю на дактыласкапію. Як піша выданне devby.io, вядома пра выпадкі, калі такія запрашэнні дасылалі ў тым ліку людзям, якія пакінулі краіну.
Адзін з чытачоў расказаў выданню, што атрымаў патрабаванне з'явіцца на дактыласкапію цягам двух тыдняў: "У паведамленні спасылка на закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, без падрабязнасцяў. Жыву ў іншай краіне, ВНЖ ёсць, але спецыяльных апавяшчэнняў пра яго я нікуды не слаў. Праўда год таму паказваў яго пры перасячэнні беларускай мяжы".
Мужчына не звязвае гэты выклік з наяўнасцю ВНЖ, бо адпаведныя змены ў закон яшчэ не прынятыя. Яго знаёмы, які жыве ў Беларусі і не мае ВНЖ іншых краін, таксама атрымаў днямі такі ж выклік і схадзіў у міліцыю. Там, кажа, спаслаліся на закон, які абавязвае прайсці дактыласкапію ўсіх ваеннаабавязаных (праўда, гэты закон выйшаў яшчэ ў 2003 годзе.
"Знаёмы спытаў, а што будзе з тымі, да каго не датэлефануюцца / не дапішуцца. Яму адказалі, што, маўляў, будуць шукаць, але ніякіх абмежаванняў для тых, хто дактыласкапію не прайшоў, нібыта няма", — адзначае мужчына.
Яшчэ аднаму чытачу выдання, які жыве за мяжой, пра выклік паведаміў блізкі сваяк — яму пзатэлефанавалі на мабільны. Сваяк адказаў, што мужчына знаходзіцца за мяжой. Мужчына мяркуе, што выклік звязаны з тым, што ён знаходзіцца ў статусе падазраванага паводле "народнага артыкула" (арт. 342 КК — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Раней яго выклікалі на допыт.
Аднак devby.io, прааналізаваўшы ўсе вядомыя выпадкі, мяркуе, што пакуль масавую цікавасць у міліцыі выклікаюць менавіта ваеннаабавязаныя. Няма пераканаўчых доказаў, што органы прэвентыўна пачалі дактыласкапіраваць грамадзян па прыкмеце ВНЖ / другога грамадзянства / карты паляка.