Беларусь – у лідарах па росце псіхічных расстройстваў сярод моладзі

У Беларусі рэзка расце захворвальнасць на псіхічныя расстройствы

У Беларусі рэзка расце захворвальнасць на псіхічныя расстройствы / pixabay.com

Беларусь увайшла ў лік сусветных лідараў па росце псіхічных расстройстваў сярод моладзі. Пра гэта ў часопісе Translational Psychiatry пішуць кітайскія даследчыкі, заўважыў тг-канал "De facto. Беларуская навука".

Навукоўцы прааналізавалі сітуацыю з псіхічнымі расстройствамі сярод падлеткаў і маладых людзей за 1990-2021 гады. Яны падкрэсліваюць, што псіхічныя расстройствы сярод людзей ва ўзросце 10-24 гадоў спрыяюць доўгатэрміновай захворвальнасці і істотна ўплываюць на грамадства.

Асаблівую ўвагу даследчыкі звярнулі на наступствы пандэміі COVID-19, вылучыўшы перыяд 2019-2021 гадоў. У гэты час захворвальнасць на псіхічныя расстройствы, асабліва дэпрэсіўныя і трывожныя, рэзка расла ў рэгіёнах з высокім узроўнем даходу. А на нацыянальным узроўні ў лідарах па росце захворвальнасці сярод моладзі аказаліся Эсваціні (+30%), Беларусь (+29%) і Балгарыя (+28%).

Навукоўцы мяркуюць, што пандэмія COVID-19 аказала глыбокі ўплыў на псіхічнае здароўе падлеткаў і маладых людзей. Іншыя прычыны праз маштаб даследавання не разглядаліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.