Мінздароўя напісала Кодэкс аб ахове здароўя: да яго ўзнікла шмат пытанняў
Чыноўнікі хочуць прыняць яго праз год і чамусьці вырашылі схаваць ад грамадскасці / pixabay.com
У Беларусі працягваецца праца над Кодэксам аб ахове здароўя, распачатая яшчэ ў 2024 годзе. На абмеркаванне аб’ёмнага, 33-старонкавага дакумента было выдзелена ўсяго 10 дзён. Пасля гэтага дакумент знік з інтэрнэту, як і ўсе прапановы экспертаў адносна яго зменаў.
Паводле звестак ініцыятывы "Белыя халаты", завяршэнне працы над Кодэксам запланавана на снежань 2026 года, тады яго плануюць унесці на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Якія пытанні ў спецыялістаў да Кодэксу
У дакуменце прапісана норма, якая забараняе грамадзянскую фота- і відэафіксацыю ва ўсіх установах аховы здароўя. Паводле "Белых халатаў", чалавек, які здымае на камеру брудны туалет, неўпарадкаваную палату або парушэнні санітарных нормаў, можа сутыкнуцца з крымінальным пераследам. Гэтая мера фактычна ліквідуе грамадскі кантроль і закрывае доступ да незалежнай інфармацыі пра стан беларускай медыцыны.
Акрамя таго, у Кодэксе няма дакладнага вызначэння паняцця “поўная інфармацыя” пра лекавыя прэпараты і медыцынскія вырабы. Гэта стварае прастору для адвольных трактовак і патэнцыйных прэтэнзій як з боку пацыентаў, так і з боку кантралюючых органаў.
Сумневы таксама выклікае стварэнне камітэта па біяэтыцы. Паводле тэксту Кодэкса, гэты камітэт фармуецца Міністэрствам аховы здароўя, а яго рашэнні маюць толькі рэкамендацыйны характар. Як можа кантраляваць этычныя стандарты ведамства, якое само адказвае за ўсю сістэму? Ці будзе такі камітэт сапраўды незалежным?