Расійскія вайскоўцы праходзяць аздараўленне ў санаторыі ў Лепелі — БРЦ

Антон Кубасаў

Антон Кубасаў / старонка Кубасава ў VK

На працягу трох гадоў у адным з беларускіх санаторыяў папраўляюць сваё здароўе расійскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны.

Масажныя крэслы, дыхальны солевы пакой, электрафарэз і многія іншыя працэдуры прапанаваў Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь былому ўдзельніку расійскай агрэсіі Антону Кубасаву. Пра гэта расіянін сам расказаў журналістцы Беларускага расследвальніцкага цэнтра, якая затэлефанавала яму, назваўшыся супрацоўніцай беларускага дзяржаўнага медыя. Журналісты выявілі асобу мужчыны, калі шукалі пацвярджэнне таго, што беларускія санаторыі прымаюць расійскіх салдатаў.

Цяпер Кубасаву 41 год. Ён кажа, што быў на аздараўленні ў Беларусі з 20 лістапада па 10 снежня мінулага года — у складзе групы ветэранаў.

"Мне вельмі спадабалася [у Лепельскім санаторыі]. Па-першае, само стаўленне да нас было на самым высокім узроўні. Харчаванне ачмурэннае. Усе мерапрыемствы, якія праходзілі, — вельмі класныя, спадабалася. Не параўнаць з рускімі [санаторыямі]",дзеліцца ўражаннямі Кубасаў.

Ён расказаў, што служыў снайперам-разведчыкам у 488-м палку, удзельнічаў у баях за Крэмянную на Луганшчыне — гэты горад з сярэдзіны красавіка 2022-га знаходзіцца пад расійскай акупацыяй.

Таксама ў Лепельскім санаторыі аднаўляў здароўе ўраджэнец Пскова 24-гадовы Андрэй Паўзахноўскі. З вайны супраць Украіны ён вярнуўся без нагі, але з Ордэнам Мужнасці і трыма мільёнамі расійскіх рублёў у якасці кампенсацыі за раненне (32 тысячы долараў). Паўзахноўскі публічна дзякаваў арганізатарам лячэння, што пацвярджае звесткі аб рэабілітацыі расійскіх салдатаў у Беларусі.

Лепельскі ваенны санаторый, які знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінабароны Беларусі, прымае расійскіх ветэранаў з 2023 года. Пра гэта БРЦ расказалі ў маркетынгавым аддзеле ўстановы. Вайскоўцы не плацяць за пуцёўкі — за іх гэта робяць дзяржорганы і дабрачынныя арганізацыі. Адна з іх — фонд "Абаронцы Айчыны", якім кіруе намесніца міністра абароны РФ і, як сцвярджаюць СМІ, сваячка Уладзіміра Пуціна Ганна Цывілёва.

Колькасць расійскіх вайскоўцаў у беларускіх санаторыях можа неўзабаве павялічыцца. Улады дзвюх краін абмяркоўваюць адпаведную праграму дапамогі ў рэабілітацыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне. У абмеркаванні ўдзельнічае губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка, які ў верасні прыязджаў у Беларусь і сустракаўся з першым віцэ-прэм'ерам Мікалаем Снапковым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.