Беларускія футбольныя клубы атрымаюць ад УЕФА 2,2 мільёна еўра за еўракубкі-2025

Больш за ўсіх атрымае “Нёман” / uefa.com
Сума салідарных выплат УЕФА для беларускіх клубаў у сезоне 2025/26 папярэдне складзе 2,2 мільёна еўра. Пры гэтым Федэрацыя футбола Беларусі не зможа размеркаваць іх па ўласным меркаванні.
Першая частка грошай паступіць ужо ў лютым 2026 года. Паводле прагнозаў, яе памер складзе два мільёны еўра. Другая частка павінна прыйсці ў чэрвені 2026 года. Папярэдні памер для Беларусі — 200 тысяч еўра.
Канчатковая сума будзе вызначана пасля заканчэння еўрапейскага кубкавага сезона, а выплачвацца — у чэрвені–ліпені 2026 года.
Нагадаем, што сёлета Беларусь у Еўропе прадстаўлялі мінскае і брэсцкае “Дынама”, “Тарпеда-БелАЗ” і “Нёман”. Далей за ўсіх у кваліфікацыі Лігі канферэнцый прайшоў “Нёман”.
Як паведамляла “Трыбуна”, грашовае пытанне ў “Нёмане” стала прычынай канфлікту ўнутры клуба. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады футбалісты папрасілі павялічыць прэміяльныя выплаты, аднак атрымалі жорсткую адмову.
За добрую гульню ў еўракубку камандзе абяцалі каля аднаго мільёна рублёў, якія трэба было размеркаваць самастойна. Канфлікт, як мяркуецца, паўплываў на настрой і матывацыю гульцоў, што адбілася на выніках у чэмпіянаце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.