Клуб “Пагоня” абвясціў конкурс на новы лагатып пасля скандалу ў Літве

Падабенства лагатыпаў выклікала абурэнне літоўскай грамадскасці

Падабенства лагатыпаў выклікала абурэнне літоўскай грамадскасці

Футбольны клуб “Пагоня”, створаны беларусамі ў Варшаве, абвясціў конкурс на новы лагатып. Стары трапіў у скандальную гісторыю праз падабенства з лагатыпам Федэрацыі футбола Літвы.

“Пагоня” выступіла са спецыяльнай заявай, у якой распавяла пра гісторыю першапачатковага лагатыпа.

У паведамленні гаворыцца, што лагатып каманды “створаны на аснове гістарычнага герба “Пагоня” — сімвала Вялікага Княства Літоўскага і дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадах”.

“Наш лагатып быў распрацаваны прафесійным дызайнерам перад удзелам каманды ў розыгрышы Кубка Польшчы ў 2024 годзе. Мы атрымалі ўсе неабходныя матэрыялы і дакументы, а дызайнер атрымаў ганарар за сваю працу. Асноўнай ідэяй лагатыпа была адсылка да беларускай традыцыі і нацыянальнага сімвала, а не запазычанне чужой эмблемы. На жаль, тады мы апынуліся ў часовым цэйтноце і не звярнулі ўвагі, што гэты лагатып вельмі нагадвае сімволіку Літоўскай федэрацыі футбола. Мы не мелі намеру пакрыўдзіць літоўскіх заўзятараў, супрацоўнікаў і кіраўніцтва федэрацыі”, — гаворыцца ў паведамленні “Пагоні”.

У клубе падкрэсліваюць, што “Пагоня” — гэта больш, чым лагатып ці герб. Гэта агульная культурная і гістарычная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае нашы народы. Менавіта таму мы лічым, што гэтая гісторыя павінна стаць падставай для дыялогу, а не непаразуменняў”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.