Гістарычная падзея: беларускай футбольнай камандзе дазволілі гуляць у Польшчы
Доўгія і ўпартыя перамовы "Пагоні" з польскай федэрацыяй футбола завяршыліся поспехам / BKS Pahonia Warszawa
Футбольны клуб “Пагоня”, заснаваны беларусамі ў Варшаве, атрымаў дазвол на рэгістрацыю гульцоў у сістэме польскага футболу. Гэта азначае, што цяпер каманда можа ўдзельнічаць у чэмпіянаце Польшчы ў B-класе, пачынаючы з дзявятага дывізіёна. Раней “Пагоня” магла выступаць толькі ў Кубку Польшчы або на аматарскіх турнірах.
Беларускім футбалістам патрабаваўся дазвол ад Беларускай федэрацыі футбола, каб гуляць у польскім чэмпіянаце. Рабіць гэта было небяспечна для саміх гульцоў.
Два гады клуб спрабаваў прабіцца ў польскую сістэму спаборніцтваў. Паводле мясцовых правілаў, на поле можа выходзіць толькі адзін гулец, які не ўваходзіць у ЕС. Выключэнне ў 2022 годзе было зроблена толькі для ўкраінцаў.
У 2025 годзе Мазавецкі футбольны саюз (MZPN) ухваліў заяўку “Пагоні” і дазволіў фарміраваць склад выключна з беларускіх гульцоў. Пазней Польскі футбольны саюз (PZPN) пацвердзіў гэтае рашэнне і зняў патрабаванне заяўляць толькі палякаў.
Цяпер беларускаму клубу трэба правесці шэсць адкладзеных матчаў чэмпіянату ў B-класе. Польскія каманды пагадзіліся згуляць з ім, падтрымаўшы “Пагоню”. Ужо 8 кастрычніка 2025 года каманда згуляе першы афіцыйны матч супраць "Piorun" з Варшавы.