Расіяне атакавалі прыватны садок у Харкаве, адзін чалавек загінуў

Наступствы расійскага ўдару па Кіеве / МУС Украіны
22 кастрычніка пад расійскі ўдар патрапіў прыватны дзіцячы садок у Халаднагорскім раёне Харкава.
Як паведаміў гарадскі галава Харкава Ігар Церахаў, у выніку атакі ёсць параненыя дзеці. На месцы ўдару ўзнік пажар. Усіх дзяцей з садка эвакуявалі, перадае hromadske.ua.
Кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што атака была арганізаваная ўдарнымі беспілотнікамі. Паводле яго звестак, пацярпелі чатыры чалавекі, прынамсі двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Ён не ўдакладніў, колькі сярод іх дзяцей.
Пазней паведамілі, што інфармацыя аб параненых дзецях не пацвердзілася. Аднак падчас атакі адзін чалавек загінуў, а сямёра атрымалі раненні.
Уначы расійскія войскі атакавалі таксама Кіеўскую вобласць. У выніку ў сяле ў Браварскім раёне загінулі тры чалавекі. Гэта 38-гадовая жанчына і два дзіцяці — 6-месячнае немаўля і 12-гадовая дзяўчынка. Іх целы знайшлі на месцы пажару прыватнага дома.
Таксама некалькі чалавек атрымалі траўмы, у тым ліку — смяротныя.
Агулам у ноч на 22 кастрычніка пад расійскі ўдар трапілі Кіеў, Запарожжа, Адэская, Палтаўская і Днепрапятроўская вобласці. Атака вялася як ракетамі, так і ўдарнымі беспілотнікамі. Былі пашкоджаныя аб'екты грамадзянскай, а таксама энергетычнай, газавай і партовай інфраструктуры. У выніку атакі ў большасці рэгіёнаў увялі аварыйныя адключэнні святла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.