Пастаўкі беларускага бензіну ў Расію выраслі за год у 30 разоў

Пастаўкі беларускага бензіну ў Расію растуць, ілюстрацыйнае фота

Пастаўкі беларускага бензіну ў Расію растуць, ілюстрацыйнае фота / ria.ru

За першыя дзве дэкады кастрычніка продаж беларускага бензіну праз Пецярбургскую біржу дасягнуў 24,73 тысячы тон. Гэта ў 31,72 разу больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года, адзначае расійскае выданне "Коммерсант" са спасылкай на Нацыянальнае біржавое агенцтва.

20 кастрычніка на біржы было прададзена 1,02 тысячы тон бензіну з Беларусі. Максімальны сутачны аб'ём продажаў беларускага бензіну быў зафіксаваны 15 кастрычніка — 5,7 тысячы тон.

Паведамляецца, што 20 кастрычніка бензін АІ-92 з Беларусі прадаваўся па 82-82,5 тыс. расійскіх рублёў за тону. АІ-95 куплялі па 85,4-85,5 тыс. расійскіх рублёў за тону.

Попыт на беларускі бензін рэзка вырас пасля таго, як украінскія беспілотнікі нанеслі шэраг удараў па энергетычнай інфраструктуры Расіі — у прыватнасці, па нафтаперапрацоўчых заводах. 

Прэзідэнт расійскага Незалежнага паліўнага саюза Павел Бажэнаў кажа, што беларускія чыгуначныя пастаўкі ў РФ выраслі шматразова — да 40-50 тысяч тон. Паводле прагнозаў аналітыкаў, залежнасць ад імпартнага паліва ў Расіі можа захоўвацца да аднаўлення магутнасцяў НПЗ — ад некалькіх месяцаў да сярэдзіны 2026 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.