Ці зможа Беларусь задаволіць паліўныя апетыты Расіі?

Мозырскі НПЗ / mnpz.by
Беларускія НПЗ не змогуць прадаць той аб'ём бензіну, які хоча закупляць Расія. Гэта можа несці нават тэхнічныя пагрозы для заводаў, мяркуе эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.
У эфіры Еўрарадыё ён пракаментаваў прапанову расійскіх чыноўнікаў нарасціць пастаўкі беларускага паліва да 300 тысяч тон у месяц. Пры гэтым аб'ём паліва, пастаўленага Беларуссю ў верасні, склаў 45 тысяч тон.
Пастаўкі беларускага бензіну і дызеля ў Расію аднавіліся ў ліпені гэтага года (перапынак доўжыўся з восені 2024-га).
Паводле звестак Пецярбуржскай біржы, за ліпень-верасень на таргах рэалізавана 96,9 тысяч тон беларускіх нафтапрадуктаў, што на 36% больш, у чым за той жа перыяд летась. Толькі за верасень продажы бензіну з беларускіх НПЗ выраслі на 168% месяц да месяца, а дызеля — на 83%.

Ці можа Беларусь пакрыць такі аб'ём?
Эканаміст Андрэй Махоўскі прапануе ўжыць "простую арыфметыку".
— Беларусі ў сярэднім у месяц трэба ад 80 да 100 000 тон бензіну, таму што інакш у нас саміх будзе дэфіцыт. Зразумела, што гэта вар'іруецца па месяцах: калі ў нас пасяўная, уборачная, трэба трохі больш, калі яе няма — трэба менш. Але 80-100 000 тон — гэта сярэдняе. Пры гэтым наша максімальная сярэднямесячная вытворчасць складае каля 350 000 тон бензіну.
Гэта значыць, нам трэба 80 000, Расія просіць 300 000, а мы ў сярэднім у месяц максімальна вырабляем 350 000.
Эксперт адзначае, што бензін вырабляецца нераўнамерна. Тэарэтычна, можна дапусціць, што пры максімальнай загрузцы, задзейнічаўшы ўсе магутнасці, беларускія НПЗ могуць вырабіць і 400 000 тон. Тады нават атрымаецца і прадаць у Расію, і пакінуць сабе.
Стан беларускіх НПЗ
Але тыя два беларускія НПЗ (Мазырскі і Наваполацкі) не могуць вырабляць больш з-за абмежаванняў па аб'ёме іх установак, лічыць Махоўскі.
— Гэта значыць, мы можам адзін-два месяцы так пастаўляць, асабліва, калі ў нас ёсць нейкія стратэгічныя запасы бензіну, можам іх дастаць з рэзерваў.
Але мы не можам доўга пастаўляць такія аб'ёмы, таму што заводы не могуць працаваць са стоадсоткавай нагрузкай, асабліва, нафтаперапрацоўчыя.
Гэта цяжкая вытворчасць, гэтыя ўстаноўкі трэба прафілактавать, рамантаваць, проста чысціць і нават даць пастаяць, адпачыць, інакш выбухнуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.