З Беларусі ў Прыднястроўе везлі матэрыялы, з якіх можна рабіць беспілотнікі

Беларускія шклотканіны ад ААТ "Полацк-Шкловалакно", ілюстрацыйнае фота / polotsk-psv.by
Дзесяць фур, гружаных шклотканінай з Беларусі на суму больш за 3 мільёны еўра, затрымалі ў румынскім пункце пропуску "Албіца" на мяжы з Малдовай улетку і ўвосень 2024 года. Румынскія ўлады падазравалі, што груз можа мець ваеннае прызначэнне і можа выкарыстоўвацца для вытворчасці беспілотнікаў або ваеннай тэхнікі, піша румынскае выданне Ziarul de Iași.
Тавар накіроўваўся на завод у Ціраспалі, здольны, як высветлілі афіцыйныя асобы Рэспублікі Малдова, вырабляць такую прадукцыю.
Паведамляецца, што фуры былі спыненыя ў чэрвені, верасні і кастрычніку мінулага года. Шклотканіну яны перавозілі па маршруце Беларусь — Прыднястроўе (Ціраспаль) паводле заказу чэшскай кампаніі Labara SRO. Мытнікаў насцярожылі дакументы. Яны пачалі крымінальную справу за іх падробку.
Чэшская кампанія Labara SRO, якая набыла шклотканіну ў Беларусі, вінаваціць улады Румыніі ў прычыненні эканамічнай шкоды. Адвакаты кампаніі заяўляюць, што матэрыялы патрэбныя для вытворчасці ліфтаў.
У СМІ раней з'яўлялася інфармацыя, што завод "Малдавізаліт" і звязаны з ім Баброўскі ізаляцыйны завод у Свярдлоўскай вобласці РФ яшчэ да шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну атрымалі дзясяткі кантрактаў ад Мінабароны РФ на пастаўку прадукцыі прадпрыемствам расійскага абаронна-прамысловага комплексу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.