У Кіеве пасля расійскай атакі без цяпла засталіся 5000 дамоў

Кіеў

Кіеў / ДСНС Украіны

Расійскія войскі ў ноч на 20 студзеня абстралялі Кіеў. Пасля атакі ў частцы сталіцы ўзніклі перабоі са святлом і вадой. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на кіраўніка ўкраінскай сталіцы Віталя Клічко.

У выніку атакі пацярпеў адзін чалавек у Дняпроўскім раёне Кіева. Ад падзення абломкаў пашкоджаны будынак пачатковай школы і вокны ў некалькіх жылых дамах. Таксама ёсць звесткі, што ў Бучанскім раёне Кіеўшчыны смяротныя траўмы падчас абстрэлу атрымаў 50-гадовы мужчына. Медыкі змагаліся за яго жыццё, але выратаваць пацярпелага не ўдалося.

На левым беразе Кіева ўзніклі перабоі са святлом і водазабеспячэннем. Па словах Клічко, без цяпла пасля атакі засталіся 5635 шматпавярховых дамоў. Амаль 80% з іх — гэта дамы, куды вярталі цяпло пасля абстрэлу 9 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.