У Беларусі 16 чалавекам дазволілі транспераход. Гэта самы высокі паказчык
Вынікі камісіі па транспераходзе, якая адбылася 16 снежня / pixabay.com
Камісія па трансгендарным пераходзе дазволіла працэдуру 16 беларусам і беларускам. Гэта самы высокі паказчык за тры гады, паведамляе ініцыятыва TG House. Доля ўхваленняў склала каля 42%, тады як раней яна была на ўзроўні 20–30%.
Камісія прайшла 16 снежня. Большасць удзельні_ц праходзілі першую камісію — этап, неабходны для змены дакументаў.
З 28 чалавек станоўчае рашэнне атрымалі 8, гэта значыць менш за 30%. Нягледзячы на тое, што гэты этап па-ранейшаму застаецца самым непрадказальным, нават тут працэнт адабрэнняў аказаўся вышэйшым, чым у папярэднія гады.
Восем удзельні_ц прыйшлі на сваю другую камісію, якая дае права на медыцынскі пераход. Гэтым разам ухваленне атрымалі ўсе. Для многіх гэта стала нечаканасцю, бо раней на другім этапе камісіі рэгулярна ў кагосьці былі адмоўныя рашэнні.
Паводле паведамлення ініцыятывы, многія ўдзельні_цы падкрэсліваюць, што гэтым разам змянілася сама атмасфера камісіі. Яна ўспрымалася як больш спакойная і менш траўматычная.
Для людзей, якія маюць досвед папярэдніх камісій, адсутнасць слёз, панікі і рэзкага ціску аказалася не менш важнай за сам вынік.
Некаторыя ўдзельні_цы адзначаюць, што пытанні гэтым разам былі прадказальнымі і фармальнымі. Не абышлося і без пытанняў пра інтымнае жыццё і планы на хірургічную карэкцыю полу.