МАРГ знайшоў "экстрэмізм" на кітайскіх маркетплэйсах
Чыноўнікі МАРГ заблюрылі свае знаходкі на кітайскіх маркетплэйсах / МАРГ
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) выявіла тавары з "экстрэмісцкай" сімволікай на кітайскіх маркетплейсах AliExpress і Joom.
У паведамленні ведамства гаворыцца: "Падчас правядзення маніторынгу інтэрнэт-пляцовак выяўленыя прапановы да рэалізацыі розных тавараў (сцягі, значкі, налепкі і інш.), якія змяшчаюць інфармацыю, якая мае прыкметы экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі".
Пра свае "знаходкі" чыноўнікі МАРГ паведамілі ў праваахоўныя органы і Мінінфарм.
Ведамства апублікавала заблюраныя скрыншоты, па якіх бачна, што чыноўнікі знайшлі ў продажы бел-чырвона-белыя сцягі і налепкі з "Пагоняй". Нацыянальную сімволіку пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі прыраўнялі да "экстрэмізму". Увогуле абвінавачванні ў "экстрэмізме" ўлады выкарыстоўваюць для барацьбы супраць палітычных апанентаў.