У магілёўскай калоніі палітвязню гвалтоўна знішчылі татуіроўку з "Пагоняй"

Тату з "Пагоняй", ілюстрацыйнае фота

Тату з "Пагоняй", ілюстрацыйнае фота

Ілля Дубскі стаў не адзіным палітвязнем, якога ў зняволенні прымусілі знішчыць татуіроўку з "Пагоняй". Пра яшчэ адну такую гісторыю расказаў экс-палітвязень Сяргей Спарыш, які правёў у зняволенні пяць з паловай гадоў.

Паводле яго падзеі адбыліся з палітзняволеным у магілёўскай калоніі № 15. Імя палітвязня Спарыш называць не стаў.

У яго таксама была татуіроўка з "Пагоняй" і бел-чырвона-белым сцягам.

"Аператыўнікі патрабавалі, каб ён таксама знішчыў гэтую татуіроўку, але ён упарта адмаўляўся. Тады пачалі ціснуць на яго сям'ю. Аднойчы на званках ягоная сястра плакала, маліла яго і патрабавала, каб ён выдаліў гэтую татуіроўку, але ён усё роўна адмаўляўся. Ён быў вельмі ўпарты чалавек. Тады яго выклікалі на так званую "рэжымку". Там звычайна ладзяць ператрусы, розныя выхаваўчыя гутаркі, таксама там ёсць адзін пакой — "катавальня", дзе могуць людзей збіваць і ставіць на расцяжкі. Яго звязалі там і выклікалі спецыяльнага майстра з волі, які займаўся татуіроўкамі. І ён гвалтоўна ў гэтага звязанага чалавека перабіў татуіроўку", — перадае словы Спарыша праваабарончы цэнтра "Вясна".

Рэжым Лукашэнкі пераследуе за нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і гістарычны герб "Пагоня", якія былі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі ў 1991-1885 гадах. А герб "Пагоня" і сёння мае статус гістарычнай спадчыны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.