Палітвязня ў калоніі прымусілі самастойна зрэзаць татуіроўку з "Пагоняй"

Ілля Дубскі быў вымушаны зрэзаць татуіроўку з "Пагоняй"

Ілля Дубскі быў вымушаны зрэзаць татуіроўку з "Пагоняй" / dissidentby

Адміністрацыя калоніі ціснула на палітвязня Іллю Дубскага, прымушаючы яго прыбраць з рукі татуіроўку з гістарычным гербам "Пагоня". Хлопцу пагражалі, што перавядуць яго ў "нізкі статус" і ён "ніколі не выйдзе на волю".

У выніку Ілля быў вымушаны самастойна выразаць татуіроўку лязом, што пакінула вялікі рубец на руцэ, піша праваабарончая ініцыятыва dissidentby.

Жыхара Асіповічаў Іллю Дубскага затрымалі ўвосень 2020 года. Яго абвінавацілі ў распальванні варожасці (арт. 130 КК) і прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронцы адзначаюць, што гісторыя з Дубскім — гэта не толькі прыклад катавання і прыніжэння чалавечай годнасці, але і можа разглядацца як праява этнацыду. Згодна з Канвенцыяй аб прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго, гвалтоўныя дзеянні, накіраваныя на знішчэнне культурнай ідэнтычнасці, у тым ліку прымус да знішчэння знакаў, сімвалаў ці іншых элементаў самавыяўлення, супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы.

Ілля Дубскі быў вызвалены з-за кратаў 11 верасня 2025 года ў ліку 52 чалавек, выпушчаных рэжымам Лукашэнкі. На момант прымусовага вывазу ў Літву хлопец адбыў амаль увесь прызначаны тэрмін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.