Выйшаў даклад пра мілітарызацыю беларускай сістэмы адукацыі

Складальнікі дакумента — НАУ і BELPOL / Скриншот из доклада
У Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіць глыбокую мілітарызацыю дзяцінства і сістэмы адукацыі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе BELPOL і НАУ “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі”, дзе падрабязна апісаны гэты працэс.
Паводле аўтараў дакладу, беларускія ўлады не проста ўкараняюць элементы мілітарысцкай апрацоўкі дзяцей і падлеткаў — яны ператвараюць само дзяцінства ў пляцоўку для насаджэння мілітарысцкіх каштоўнасцяў, безумоўнай адданасці рэжыму і гатоўнасці служыць сілавым структурам.
Гэта пачынаецца яшчэ ў дзіцячых садках, дзе малыя спяваюць ваенныя песні і маршыруюць. У школах ладзяцца “дні адкрытых дзвярэй” са спецтэхнікай і зброяй.
Школьнікаў вучаць разбіраць аўтамат Калашнікава, арганізоўваюць майстар-класы ад байцоў АМАПу. Падчас летніх канікул дзясяткі тысяч дзяцей адпраўляюць у ваенна-патрыятычныя лагеры, дзе вучаць страявой і агнявой падрыхтоўцы, медыцыне і ваеннай дысцыпліне.
У Беларусі дзейнічаюць сотні ваенна-патрыятычных клубаў, якія выхоўваюць моладзь у духу падпарадкавання і сілы. У Мінску і рэгіёнах адкрыты сотні класаў з ваенным ухілам, дзе навучаюцца тысячы школьнікаў. Многія пасля школы ідуць у вайсковыя ВНУ ці сілавыя органы.

З 2023 года паводле ўказу Лукашэнкі выпускнікі ваенна-патрыятычных класаў могуць паступаць у спецыяльныя ваенныя навучальныя ўстановы без экзаменаў.
Фарміраванне культу асобы і вобраза ворага
Аўтары дакладу адзначаюць, што асаблівая ўвага надаецца фарміраванню ў дзяцей вобраза ворага і культу асобы Лукашэнкі. З малых гадоў ім унікаюць думку пра “варожы свет”, а ворага паказваюць сярод сваіх жа грамадзян — апанентаў рэжыму і іншадумцаў.
Падручнікі перапісваюцца паводле палітычнага заказу, у іх ідэалізуюць сілавікоў і прапагандуюць “герояў” рэжыму. Ваенныя рытуалы, сімволіка, форма і спаборніцтвы ствараюць ілюзію гераізму і значнасці службы.
Хто гэта кантралюе
Пракуратура Беларусі з’яўляецца галоўным наглядальнікам за ваенна-патрыятычным выхаваннем у школах. Настаўнікаў, якія не адпавядаюць ідэалагічным патрабаванням, караюць. Замест развіцця крытычнага мыслення ў дзяцей адбываецца праграмаванне на сляпую адданасць уладзе.

Як гэта адбываецца
У школах выкладаюць прадмет “Дапрызоўная і медыцынская падрыхтоўка”, дзе вучаць страляць і кіраваць баявымі дронамі. Ваенна-патрыятычныя клубы МУС і Міністэрства абароны прыцягваюць дзяцей з 7 гадоў, дзе яны пад кіраўніцтвам афіцэраў асвойваюць баявую тэхніку.
У гэта актыўна ўцягваюць дзяцей-сірот і іншых уразлівых. Яны ўдзельнічаюць у “ваенных гульнях”, дзе выкарыстоўваюцца аўтазакі і дэманструецца зброя.
Хто фінансуе
Для фінансавання ствараюцца спецыяльныя фонды, напрыклад “Маладая гвардыя”, якія атрымліваюць грошы ад дзяржструктур. Шырока практыкуюцца “дабраахвотныя” ўзносы з прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку дзяржаўных холдынгаў.
Публічныя асобы і прапагандысты
У дакладзе названыя галоўныя ідэолагі і прапагандысты гэтага працэсу — Мікалай Карпенкаў, Грыгорый Азаронак, Наталля Эйсмант.
Парушэнне міжнароднага права
Такія дзеянні беларускіх уладаў супярэчаць асноўным артыкулам Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, якая забараняе ўцягванне дзяцей у ваенныя дзеянні і ідэалагічную эксплуатацыю. Дакумент гарантуе права на адукацыю дзеля міру і сяброўства паміж народамі.
Аўтары дакладу папярэджваюць: калі мілітарызацыя працягнецца, Беларусь атрымае пакаленне, выхаванае на вайне і сляпой веры, што прывядзе да паглыблення агрэсіі, заняпаду адукацыі і яшчэ мацнейшай залежнасці ад Расіі.
На відэа ніжэй, якое Еўрарадыё атрымала ад BELPOL, бачна, як выглядае дзіцячы ваенны лагер і чаму там навучаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.