У Беларусі адмянілі яшчэ адзін штогадовы музычны фэст

Фэст WOSTRAU

Фэст WOSTRAU / telegraf.news

Фэст WOSTRAU, які праходзіў штогод у Нясвіжы, у 2026 годзе не адбудзецца. Ад яго правядзення адмовіліся арганізатары.

Яны заявілі, што пасля пастановы Саўміна не змогуць займацца арганізацыяй фэсту на належным узроўні, піша выданне Telegraf.news.

"Уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2025 г. № 454 "Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў" і адсутнасць у нас магчымасці прывозіць замежных артыстаў самастойна робяць для нас правядзенне фестывалю немагчымым на тым узроўні, да якога мы з вамі прывыклі і які лічым для сябе правільным", — растлумачылі арганізатары.

У згаданай урадавай пастанове было абноўленае палажэнне аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Там вызначана, якія суб'екты абавязаныя быць уключаны ў рэестр, а таксама — якія патрабаванні і працэдуры неабходна выконваць. Праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы з удзелам беларускіх ці замежных выканаўцаў могуць толькі арганізатары, унесеныя ў такую базу даных.

Раней пра адмену штогадовага фэсту паведамілі арганізатары прарасійскага "Сонцастаяння" ў Пружанах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.