Цыклон "Улі" пакінуў без электрычнасці больш за 250 населеных пунктаў
Цыклон "Улі" ў Беларусі / БЕЛТА
Цыклон "Улі", які прыйшоў у Беларусь, за 8 студзеня пакінуў без электрычнасці 251 населены пункт. Было абясточана 997 трансфарматарных падстанцый, 30 фермаў, 6 кацельняў, паведамляе прэс-служба Мінэнерга.
Адключэнні электрычнасці зафіксаваныя пераважна ў Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. Галіны і цэлыя дрэвы падалі на лініі электраперадачы і абрывалі іх. Да гэтага прывялі моцны снегапад, завея і шквалісты вецер, парывы якога ўначы дасягалі месцамі 24 метраў за секунду. Больш за ўсё ад непагадзі пацярпелі Полацкі, Маладзечанскі, Слуцкі, Мінскі, Рэчыцкі і Жлобінскі раёны.
У ліквідацыі наступстваў цыклона было задзейнічана 76 аварыйных брыгад энергетыкаў і 69 адзінак тэхнікі.
Паводле звестак на 7:00 раніцы пятніцы, аднаўленчыя работы працягваюцца ў 44 населеных пунктах.
Таксама ёсць звесткі, што стыхія парушыла працу чыгункі: цягнікі прыбываюць са спазненнем.
Сёння ў Беларусі захоўваюцца складаныя ўмовы надвор'я. Прагназуецца моцны снег з парывістым ветрам да 15-20 метраў за секунду, на дарогах будуць снежныя заносы.