ПВК Вагнера рыхтуюць вывесці з Афрыкі і абяцаюць перавесці ў Беларусь

ПВК "Вагнер", ілюстрацыйнае фота / sb.by
Наймітаў з ПВК Вагнера плануюць вывесці з Афрыкі. Канчаткова яны павінныя пакінуць кантынент у чэрвені-ліпені 2025 года. Перавесці іх могуць у Беларусь, піша тэлеграм-канал "ВЧК-ОГПУ" са спасылкай на свае крыніцы.
"Наймітам на словах абяцаюць базаванне ў Беларусі, але пакуль якіх-небудзь пацвярджэнняў гэтаму няма", — адзначае тэлеграм-канал, вядомы злівамі ад расійскіх сілавікоў.
Раней вагнераўцы пакінулі Сірыю, а ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Малі да іх дадалі спецыяльна створанае ў Мінабароны РФ падраздзяленне "Афрыканскі корпус".
Ад нядаўняга часу ўзначальвае ПВК Вагнера былы спецназавец ГРУ Дзмітрый Падольскі з пазыўным "Салем".
Частка байцоў прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера знаходзіцца ў Беларусі пасля ваеннага бунту, які адбыўся 23 чэрвеня 2023 года. Яны займаюцца інструктажом беларускіх вайскоўцаў і дзеляцца баявым досведам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.