У Марока затрымалі чатырох беларусаў — падазраюць у анлайн-махлярстве

Камп'ютары, канфіскаваныя падчас ператрусу

Камп'ютары, канфіскаваныя падчас ператрусу / facebook.com/MAROCDGSN

У мараканскім горадзе Маракешы затрымалі чатырох беларусаў і аднаго француза. Іх падазраюць у дачыненні да ўзлому дадаткаў для анлайн-ставак. Паведамленні пра гэта з'явіліся ў мясцовых СМІ, заўважыла "Зеркало".

Затрыманне адбылося 15 лістапада на віле на ўскраіне Маракеша. Паводле папярэдняй інфармацыі, чацвёра беларусаў могуць мець дачыненне да ўзлому дадаткаў, якія спецыялізуюцца на анлайн-стаўках. Грошы з узламаных праграм зламыснікі пераводзілі на свае рахункі. Француз, на думку мясцовых праваахоўнікаў, быў у змове з беларусамі.

Пры ператрусах было канфіскаванае камп'ютэрнае абсталяванне, лічбавыя носьбіты інфармацыі ды прылады доступу ў інтэрнэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.