Прэзідэнт Мадагаскара папярэдзіў аб спробе дзяржаўнага перавароту

Ваенныя Мадагаскарскай арміі з пратэстоўцамі ў Антананарыву 11 кастрычніка 2025 года / RIJASOLO / AFP
Прэзідэнт Мадагаскара Андры Радзуэліна папярэдзіў аб спробе дзяржаўнага перавароту. Раней некаторыя салдаты далучыліся да антыўрадавых пратэстаў, якія працягваюцца з канца верасня, піша Gazeta Wyborcza.
Адміністрацыя прэзідэнта заявіла, што ў краіне адбываецца "спроба незаконнага і гвалтоўнага захопу ўлады". Яна таксама заклікала да "сумеснай абароны канстытуцыйнага парадку і нацыянальнага суверэнітэту".
Пасля гэтага элітнае ваеннае падраздзяленне CAPSAT абвясціла аб тым, што ўзяло на сябе камандаванне і зараз кантралюе ўсе ўзброеныя сілы — сухапутныя, паветраныя і марскія.
У суботу некаторыя салдаты падраздзялення CAPSAT, якія дапамаглі Радзуэліне захапіць уладу падчас дзяржаўнага перавароту 2009 года, заклікалі вайскоўцаў да непадпарадкавання і падтрымкі антыўрадавых пратэстаў. У мясцовых СМІ былі апублікаваны кадры, на якіх дзясяткі салдат пакідаюць казармы і далучаюцца да дэманстрантаў.

Пратэсты пачаліся 25 верасня ў сталіцы Антананарыву. Яны былі выкліканы недахопам вады і перабоямі ў падачы электраэнергіі. У наступныя дні дэманстрацыі распаўсюдзіліся на іншыя гарады. Сярод патрабаванняў былі адстаўка прэзідэнта і роспуск верхняй палаты парламента, Вярхоўнага суда і Цэнтральнай выбарчай камісіі. Прэзідэнт распусціў урад, але гэта не супакоіла сітуацыю.
Gazeta Wyborcza нагадвае, што цяперашні прэзідэнт Разуэліна, які прыйшоў да ўлады ў выніку перавароту ў 2009 годзе, а потым перамог на выбарах у 2018 і ў 2023 годзе, не мае намеру сыходзіць у адстаўку.
Па дадзеных ААН, з верасня ў выніку беспарадкаў загінула не менш за 22 чалавек і 100 атрымалі раненні. Улады Мадагаскара аспрэчваюць гэтыя дадзеныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.