На парадзе ў Беніне паказалі беларускія бронемашыны "Кайман"

Бронемашыны "Кайман" / Benin TV
На парадзе ў гонар 65-годдзя незалежнасці Беніна 1 жніўня была паказаная партыя беларускіх бронемашын "Кайман". Яны знаходзяцца на ўзбраенні ў войска гэтай заходнеафрыканскай краіны.
Раней інфармацыі аб продажы бронемашын у Бенін у публічным доступе не было. Як заўважыла выданне reform.news, на парадзе ў Беніне фігуравалі дзевяць "кайманаў".
Дарэчы, у 2018-м беларускія браняваныя разведвальна-дазорныя машыны бачылі на парадзе вайсковай тэхнікі Кот-Д'Івуара. Невядомая колькасць "кайманаў" у лістападзе 2021 года была ў Судане. Некалькі машын прадэманстравалі на вайсковым парадзе ў лістападзе 2022 года ў Анголе.
Бронемашына "Кайман" была распрацаваная на 140-м рамонтным заводзе ў Барысаве. Яна прызначаецца для ўдзелу ў разведвальных і дыверсійных аперацыях, патруляванні і суправаджэнні калон, правядзенні міратворчых і міліцэйскіх аперацый, вядзенні дзеянняў ва ўмовах надзвычайных сітуацый.
"Кайман" на 90% складаецца з вузлоў, агрэгатаў і камплектуючых беларускай вытворчасці.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.